Румас назваў топ-10 задач урада
Прэм’ер-міністр Сяргей Румас 31 кастрычніка падчас прэзентацыі ў ніжняй палаце парламента праграмы дзейнасці ўрада на 2018—2020 гады назваў асноўныя задачы, пастаўленыя перад Саветам міністраў.
„Для цяперашняга складу ўрада вызначаныя топ-10 задач, у іх ліку — развіццё бізнес-асяроддзя і стварэнне камфортных умоў вядзення бізнесу, апераджальнае развіццё сферы паслуг, фармаванне ІТ-краіны і маштабная лічбавізацыя ўсёй эканомікі”, — сказаў Румас.
Урад, дадаў ён, акрэсліў і шэраг іншых задач. „У іх ліку: правядзенне эфектыўнай бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі, забеспячэнне ўстойліва нізкай інфляцыі, эфектыўнае кіраванне дзяржуласнасцю, актывізацыя знешнеэканамічнай дзейнасці, зніжэнне міжрэгіянальнай дыферэнцыяцыі і забеспячэнне годнага ўзроўню жыцця насельніцтва”, — паведаміў прэм’ер.
Паводле слоў Румаса, для краіны „крытычна важнае” павелічэнне прыватных інвестыцый. „Для гэтага важна забяспечыць даступнасць фінансавых рэсурсаў не толькі ў сталіцы, але і ва ўсіх рэгіёнах краіны”, — заявіў ён.
Прэм’ер-міністр таксама паведаміў, што з 2019 года будзе ўкаранёная ацэнка рэгулявальнага ўздзеяння нарматыўных актаў дзяржавы, якія тычацца прадпрымальнікаў. „Неабходна стварыць празрыстае, прадказальнае заканадаўства, якое выключае прыняцце залішніх абцяжаранняў і новых бар’ераў на шляху развіцця бізнесу”, — адзначыў Румас.
Прававое асяроддзе, паводле яго слоў, павінна стаць для інвестараў „гарантам працы на беларускім рынку”. У сувязі з гэтым кіраўнік урада паведаміў, што зараз прапрацоўваюцца пытанні адмены крымінальнага пераследу за парушэнні падатковага заканадаўства.
Акрамя гэтага, урад будзе імкнуцца развіваць не толькі прыватны сектар, але і павышаць эфектыўнасць сектара дзяржпрадпрыемстваў. „Мы лічым, што трэба распрацаваць закон аб дзяржсектары з новай ідэалогіяй. Будуць перагледжаныя падыходы да працы інстытута прадстаўнікоў дзяржавы. Плануецца скарачэнне прадстаўнікоў дзяржавы (у назіральных саветах дзяржпрадпрыемстваў. — БелаПАН.) з ліку дзяржслужачых і замена іх на прафесійных кіраўнікоў”, — заявіў прэм’ер-міністр.