Румас пажадаў Мядзведзеву поспехаў на новай пасадзе
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас 16 студзеня правёў тэлефонную размову з Дзмітрыем Мядзведзевым, які склаў з сябе паўнамоцтвы кіраўніка расейскага ўрада і заняў пасаду намесніка старшыні Савета бяспекі РФ.
„Падчас размовы Сяргей Румас падзякаваў Дзмітрыю Мядзведзеву за сумесную плённую працу на пасадзе старшыні ўрада Расейскай Федэрацыі, а таксама адзначыў, што высока цэніць яго асабісты ўнёсак у развіццё беларуска-расійскага ўзаемадзеяння і пашырэнне інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы і Еўразійскага эканамічнага саюза”, — паведаміла прэс-сакратар беларускага ўрада Аляксандра Ісаева на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.
Румас „выказаў упэўненасць, што ўласцівыя Дзмітрыю Мядзведзеву кіраўнічы талент і палітычная дальнабачнасць будуць і надалей служыць вырашэнню актуальных задач, накіраваных на пабудову моцнай і незалежнай Расеі, а таксама ўмацаванню разумення і даверу паміж нашымі братнімі народамі”.
Беларускі прэм’ер-міністр „ад усёй душы пажадаў Дзмітрыю Мядзведзеву моцнага здароўя, дабрабыту, поспехаў на новай адказнай дзяржаўнай пасадзе”.
belapan.by