Румас прадставіў ва ўрадзе новага віцэ-прэм’ера Дворніка
Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас прадставіў 9 красавіка ва ўрадзе новага віцэ-прэм’ера Уладзіміра Дворніка.
Як паведаміла прэс-служба Саўміна, Дворнік будзе курыраваць пытанні Мінсельгасхарча, Мінлясгаса, Мінпрыроды, Дзяржкаммаёмасці ў частцы зямельных адносін, канцэрна „Белдзяржхарчпрам”, узаемадзеянне з „Белкаапсаюзам”.
„Уладзіміра Андрэевіча вы ўсе ведаеце. Апошнія восем гадоў ён кіраваў Гомельскай вобласцю, да гэтага ўзначальваў перадавую гаспадарку „Саўгас-камбінат „Зара” Мазырскага раёна, быў старшынёй Мазырскага райвыканкама. Пад яго кіраўніцтвам за восем гадоў Гомельская вобласць значна палепшыла ўсе паказчыкі, асабліва ўражвае рост у сферы сельскай гаспадаркі”, — сказаў Румас.
Кіраўнік урада адзначыў таксама вялікую праведзеную работу па добраўпарадкаванні ў Гомельскім рэгіёне і непасрэдна ў абласным цэнтры.
Членам прэзідыума Саўміна прадстаўлены і новы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько.
Румас пажадаў Дворніку і Хацько поспехаў на адказных пасадах.
Аляксандр Лукашэнка прызначыў Уладзіміра Дворніка намеснікам прэм’ер-міністра 4 красавіка. Падчас прызначэння кіраўнік дзяржавы сказаў новаму віцэ-прэм’еру: „Вы дастаткова дасведчаны чалавек, які прайшоў добрую школу не толькі абласнога ўзроўню, што вельмі важна для тых, хто ідзе працаваць ва ўрадзе, тым больш адным з кіраўнікоў ва ўрадзе, але вы прайшлі добрую школу і ў сельскай гаспадарцы”. „І гузы набівалі там, і падалі, і падымаліся. Усё ў вас было, а гэта неацэнны вопыт, які спатрэбіцца на працы віцэ-прэм’ерам урада. Таму я яшчэ раз пацвярджаю свой намер прызначыць вас віцэ-прэм’ерам”, — сказаў Лукашэнка.
Як паведамлялася, былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы быў 1 красавіка прызначаны памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Магілёўскай вобласці. Указы прэзідэнта аб зняцці Русага і міністра сельскай гаспадаркі Леаніда Зайца з пасадаў былі падпісаныя 27 сакавіка. За два дні да гэтага, 25 сакавіка, Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу дзяржчыноўнікаў па развіцці сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая паводле паказчыкаў знаходзіцца на апошніх месцах.
26 сакавіка Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс „Сліжы” прадпрыемства „Амкадор-Шклоў”, якое ўваходзіць у структуру аграхолдынга „Купалаўскае”, і абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў, а таксама адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях. Кіраўнік дзяржавы даручыў зняць з пасад усіх вінаватых у неналежных умовах гаспадарання ў аграхолдынгу „Купалаўскае” і распачаць па фактах безгаспадарнасці крымінальныя справы. У выніку справа распачатая дэпартаментам фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю.
Уладзімір Дворнік нарадзіўся 16 красавіка 1963 года ў вёсцы Ровенская Слабада Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Віцебскі ветэрынарны інстытут. Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь. Працаваў трактарыстам калгаса імя Дзяржынскага Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці, галоўным ветэрынарным урачом калгаса „Усход” Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці, галоўным ветэрынарным урачом, намеснікам старшыні калгаса „Дружба” Мазырскага раёна, галоўным дзяржаўным ветэрынарным урачом Мазырскага раёна, дырэктарам рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Саўгас-камбінат „Зара” Мазырскага раёна, старшынёй Мазырскага раённага выканаўчага камітэта. Да цяперашняга часу працаваў на пасадзе старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта.
belapan.by