Ружовыя мары беларускіх уладаў



Эканамічныя ўлады прагназуюць праз пяць гадоў знізіць у Беларусі стаўку рэфінансавання да 7-9%. Смелыя планы чыноўнікаў каментуе экс-старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч.

Станіслаў Багданкевіч

Стаўка рэфінансавання будзе ў наступнай пяцігодцы паступова зніжацца і складзе ў 2020 годзе 7-9 адсоткаў. Па інфармацыі БелаПАН, такі сцэнар развіцця падзеяў прадугледжвае прагноз на 2016-20120 гады, які зараз рыхтуюць эканамічныя ўлады. Станіслаў Багданкевіч: Планы рэальныя, але ўсё будзе залежыць ад таго, наколькі Нацбанк зможа праводзіць самастойную ад вярхоўнай улады палітыку. І ў першую чаргу ён павінен скараціць крэдытаванне тых прадпрыемстваў, якія працуюць на склад, стратных заводаў, тых, хто страціў уласны абаротны капітал. Калі Нацбанк пойдзе на гэта, ён у стане скараціць пустую грашовую масу і выйсці за пяцігодку на інфляцыю ў межах 5 адсоткаў.

РР: Вы верыце, што Нацбанк будзе прымаць самастойныя рашэнні?

Станіслаў Багданкевіч: У тым і справа, што не веру. Стары ўрад, безумоўна, працягне аказваць ціск на банкі, каб захаваць прамысловы неканкурэнтны баласт. Хоць усім зразумела – без мадэрнізацыі іх немагчыма вывесці ў рэальны сектар.

РР: Днямі падпісаны ўказ, згодна з якім Мінскаму трактарнаму заводу дадзена права ажыццявіць эмісію аблігацый у аб’ёме, які не перавышае 150 млн долараў, МТЗ атрымаў права на растэрміноўку да 22 кастрычніка 2015 года па выплаце ўтворанай завінавачанасці па ПДК у памеры 59,5 млрд рублёў. Дзяржпадтрымка аказваецца і яшчэ аднаму буйному машынабудаўнічаму прадпрыемству — «Гомсельмашу». Гэта ўсё, як кажуць, з той жа оперы?

Станіслаў Багданкевіч: Дапамога гэтым прадпрыемствам неабходна, але ж яна не першая і ідзе, як у пясок – без перавода заводаў на здаровыя рыначныя колы. Нельга вырабляць тое, што не прадаецца. Калі ўлада і дае грошы, то яна павінна разумець галоўнае – трэба тэрмінова спыніць вытворчасць тавараў, якія не рэалізуюцца. У лёгкай прамысловасці – гэта шасцімесячныя запасы! 2-4-месячныя запасы – у машынабудаванні! Каму гэта патрэбна? Такую практыку трэба спыніць, а людзям часова выплочваць дапамогу па беспрацоўі, і такім шляхам праводзіць мадэрнізацыю. Але ж гэта не робіцца.

РР: Калі праз пяць гадоў стаўка рэфінансавання будзе 7-9 адсоткаў, то, трэба меркаваць, улады возьмуць пад кантроль інфляцыю і дэвальвацыю?

Станіслаў Багданкевіч: Безумоўна, калі ружовыя планы ўладаў спраўдзяцца. Валютны курс аўтаматычна залежыць ад інфляцыі. І, калі гадавая інфляцыя будзе менш за 10 адсоткаў, то трэба тэрмінова праводзіць і дэнамінацыю, адкідваючы 3-4 нулі. Хоць, безумоўна, шмат што будзе залежыць яшчэ ад гандлёвага балансу. Паўтаруся, планы гэтыя раэльна здзейсніць у працэсе рэформаў. Не будзе зменаў – нікому не патрэбны будуць і сёняшнія планы і прагнозы.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя