Рыгор Кастусёў абскардзіў дзеянні выбарчай камісіі



Выбарчая камісія, якая вырабляла інфармацыйныя ўлёткі пра кандыдатаў у дэпутаты па Шклоўскай гарадской акрузе № 54, не ўказала частку біяграфічных звестак пра кандыдата ў дэпутаты Рыгора Кастусёва.

У прыватнасці, паведаміў ён БелаПАН, ва ўлётцы не было інфармацыі аб тым, што палітык з’яўляецца старшынёй Партыі БНФ.

Паводле слоў Кастусёва, свае біяграфічныя даныя ў электронным і пісьмовым выглядзе ён перадаў у выбарчую камісію на наступны дзень пасля сваёй рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты Магілёўскага абласнога савета.

„Заўваг па аб’ёме і змесце інфармацыі не было, прынялі дакументы. Але калі я паглядзеў улёткі, з іх былі выкінутыя звесткі пра месца жыхарства, тое, што я з’яўляюся аўтарам шэрагу публікацый, што з’яўляюся старшынём Партыі БНФ, — сказаў палітык. — Усё гэта важныя пункты. Пры гэтым у іншых кандыдатаў напісана нават, што „яны актыўна працуюць у інтэрнэце, каб наладзіць сувязі паміж насельніцтвам і ўладай” і да т.п.”.

Выключэнне некаторых пунктаў біяграфіі, лічыць Кастусёў, зроблена для таго, каб „прынізіць яго статус як кандыдата, паказаць яго неперспектыўнасць”.

8—9 лютага Кастусёў падаў скаргі ў Шклоўскую акруговую камісію, у Магілёўскую абласную камісію, а таксама па электроннай пошце — у Цэнтрвыбаркам і Генеральную пракуратуру.  БелаПАН