Рыгор Кастусёў: Адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі палягае асабіста на Лукашэнку
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў зрабіў палітычную заяву з нагоды гібелі Рамана Бандарэнкі, усклаўшы адказнасць за смерць патрыёта асабіста на Аляксандра Лукашэнку, чыімі загадамі была створаная тэрарыстычная сістэма, якая забіла патрыёта.
«Пакараныя павінныя быць не толькі непасрэдныя выканаўцы, але і арганізатары разам з падбухторшчыкамі гэтага злачынства», – гаворыць Рыгор Кастусёў.
«Пайшоў з жыцця беларус Раман Бандарэнка. Патрыёт загінуў, абараняючы колеры нацыянальнага сцягу. Ён быў забіты карнікамі, якія выконваюць пастаўленую Лукашэнкам палітычную задачу па запалохванні і знішчэнні беларускага грамадства, па пазбаўленні грамадзян іх фундаментальных правоў і свабодаў.
Смерць патрыёта сталася вынікам злачынных загадаў, якія аддаюцца цяпер праваахоўным органам палітычным кіраўніцтвам краіны – і выконваюцца гэтымі структурамі, не зважаючы на антызаконны і антычалавечы характар гэтых зверстваў. У краіне пануе тэрор супраць беларускага народу, сродкі прававой абароны людзей амаль знішчаныя.
Забойцы Рамана Бандарэнкі павінныя быць знойдзеныя, аддадзеныя пад суд і пакараныя. Пры гэтым пакаранню падлягаюць не толькі выканаўцы злачынства, якія збівалі і катавалі чалавека, але і арганізатары гэтай злачыннай сістэмы, разам з памагатымі і падбухторшчыкамі.
Пры цяперашнім рэжыме надзеі на пакаранне гэтай злачыннай групоўкі практычна няма. Мы бачылі, як засталіся непакараныя і іншыя злачынствы рэжыму, здзейсненыя па асабістым загадзе Лукашэнкі. Зверствы карнікаў абумоўленыя ў тым ліку іх пачуццём поўнай беспакаранасці.
Таму адказнасць за смерць Рамана Бандарэнкі палягае асабіста на Аляксандры Лукашэнку і на ягоным палітычным рэжыме, на створанай ім тэрарыстычнай сістэме, дзе праваахоўныя органы ператвораныя ў інструмент дзяржаўнага тэрору і катаванняў дзеля гвалтоўнага ўтрымання ўлады. Гэты рэжым павінны быць знішчаны. Адстаўка Аляксандра Лукашэнкі ёсць першачарговай мэтай, дасягненне якой дазволіць пакараць забойцаў Рамана Бандарэнкі ды вінаватых у іншых злачынствах», — заявіў Кастусёў.