Рыгор Кастусёў: Апанентаў спрабуюць загнаць у ізаляцыю



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў крытычна выказаўся пра будучую агітацыйную кампанію падчас прэзідэнцкіх выбараў.

Нагадаем, што ў двухмільённым Менску для правядзення агітацыйных масавых мерапрыемстваў выдзялілі толькі шэсць месцаў на дзевяць раёнаў. Гэта чатыры паркі і два скверы, якія знаходзяцца на значнай адлегласці не толькі ад цэнтра горада, але і ад іншых шматлюдных пляцовак.

Рыгор Кастусёў: Калі бачыш, якія месцы для агітацыі ўлады вызначылі для апанентаў, то становіцца проста сорамна і за краіну, і за яе кіраўніцтва. Прэзідэнцкая кампанія – гэта заўсёды магчымасць дыялогу паміж кандыдатамі і народам, магчымасць прадставіць свае праграмы, адказаць на пытанні людзей.

А што мы бачым зараз? Для агітацыі вызначаны такія месцы на ўскрайках гарадоў, дзе і чалавека рэдка сустрэнеш. Гэта яшчэ раз пацвярджае, наколькі ўлада баіцца сваіх апанентаў і спрабуе стварыць вакол іх поўны вакуум. А іх саміх – загнаць у ізаляцыю.

РР: Затое для дзеючага кіраўніка Беларусі месцы для агітацыі не абмежаваныя…

Рыгор Кастусёў: Так і ёсць, кандыдаты будуць знаходзіцца ў абсалютна розных умовах. Лукашэнка па сутнасці ўжо пачаў агітацыйную кампанію, карыстаючыся дзяржаўнымі СМІ. Затое ў дачыненні да сваіх супернікаў уводзяцца абмежаванні яшчэ да таго, як пачаўся агітацыйны перыяд.

Калі я быў кандыдатам у прэзідэнты ў 2010 годзе, то падчас агітацыі ездзіў па рэгіёнах і бачыў у людзей боязнь выступаць супраць кіраўніка Беларусі. Зараз у народа такая боязнь знікае.

У людзей з’явілася палітычная злосць. Яны разумеюць, хто вінаваты ў тым, чаму іх дабрабыт зніжаецца. І яны бачаць, як вядзе сябе наменклатура і вышэйшае кіраўніцтва ў дачыненні да простых людзей.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя