Рыгор Кастусёў атрымаў адказ ад ЦВК



Cтаршыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў па пошце два адказы на зварот у цэнтральную выбарчую камісію аб непрызнанні вынікаў выбараў па Шклоўскай гарадской выбарчай акрузе №54. Скарга была пададзена Кастусёвым у сувязі з выкрытымі незалежнымі назіральнікамі парушэннямі, дапушчанымі ўчастковай і акруговай камісіяй. — У дзень галасавання на адным з участкаў прагаласавала толькі тры чалавекі: з іх адзін сябра камісіі і два чалавек прыйшлі з тых вёсак, што замацаваныя за гэтым участкам. Але па выніку падліку галасоў прагаласаваўшых, увечары у асноўны дзень галасавання, выявілася, што на ўчастку прагаласавала 98% ад зарэгістраваных тут.

Зварот аб парушэннях у ЦВК Рыгор Кастусёў перадаў асабіста на імя Лідзіі Ярмошынай. Тая адказала, што зварот накіраваны для разгляду ў Шклоўскую акруговую гарадскую выбарчую камісію.

Пры праверцы пратаколаў участковых камісій аб выніках галасавання па акрузе, памылак і неадпаведнасцей не ўсталявана, гаворыцца ў выніках пасяджэння па скарзе Кастусёва. Як адзначае старшыня партыі БНФ, такім чынам улады прадэманстравалі, што дэпутаты былі абраныя загадзя, а выбарчым камісіям заставалася гэтыя спісы дэпутатаў толькі зацвердзіць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя