Рыгор Кастусёў: Будуць знішчаць усё альтэрнатыўнае
Лідар Партыі БНФ распавядае пра тое, што стаіць за перарэгістрацыяй партый.
Нагадаем, што Аляксандр Лукашэнка даў даручэнне Міністэрству юстыцыі перарэгістраваць партыі.
Рыгор Кастусёў: Выбары 9 жніўня і тыя падзеі, якія адбываліся пасля гэтага, паказалі сапраўдны твар беларускай улады і сапраўднае волевыяўленне людзей і іх стаўленне да гэтай улады. Упэўнены, што для большасці людзей гэтая ўлада нелігітымная, і, упэўнены, пра гэта ведаюць самі высокія чыноўнікі. Ведаюць, але стараюцца “легітымізаваць” сябе праз дубінкі, крымінальныя справы і турмы.
Зараз мы бачым, што пачалі зачыстку ўсяго альтэрнатыўнага, гэта ўсё будуць знішчаць. Апазіцыйныя партыі – у гэтым жа шэрагу.
РР: Лічыце, што перарэгістрацыю не ўсе пройдуць?
Рыгор Кастусёў: Упэўнены ў гэтым. Калі яны збіраюцца змяняць Канстытуцыю, перадаваць частку паўнамоцтваў парламенту і пераходзіць на выбары па партыйных спісах, то “ненадзейныя” партыі ім непатрэбны. Знойдуць падставу, каб пазбавіць афіцыйнай рэгістрацыі. Мяркую, што пакінуць толькі праўладныя і прарасейскія партыі.
І ў гэтым я бачу таксама пагрозу для краіны. Відавочна, што зараз ідзе наступ на ўсё нацыянальнае, у Маскве таксама зацікаўлены, каб гэта знішчалася. І Крэмль гэта робіць не сваімі рукамі (хаця расейская прапаганда ў гэтым накірунку таксама ўжо запрацавала на поўную моц), а рукамі беларускіх уладаў.
Але наша партыя будзе існаваць у любым выпадку. І, упэўнены, мы яшчэ дачакаемся светлых часоў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя