Рыгор Кастусёў: Бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы



Па меркаванні намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, вынікі дамоўленасцяў паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам могуць быць неспрыяльнымі для Беларусі. „Заявы пра тое, што вынікі гэтых перамоў станоўчыя для Беларусі, я ўспрымаю з сарказмам. Таму што, як кажуць, бясплатны сыр бывае толькі ў пастцы”, – кажа Рыгор Кастусёў. Па яго меркаванні, Аляксандр Лукашэнка за эканамічную падтрымку паабяцаў Пуціну вялікія саступкі:

– За кошт гэтых саступак Расея ідзе на тое, каб “урэгуляваць” свае пытанні: або гэта будзе вайсковая база і павелічэнне паўнамоцтваў расейскіх сілавых структураў, або магчыма хутка мы пачуем, што Аляксандар Лукашэнка перадаў у распараджэнне Расейскай Федэрацыі або расейскага алігарха тое ці іншае прадпрыемства. У іхных алігархаў ёсць да многіх беларускіх прадпрыемстваў інтарэсы – гэта і “Гродна Азот”, і Салігорскі камбінат, і чыгунка  ад Воршы да Берасця.

Але што гэта вырашыць? У свой час за грошы ў расейскую ўласнасць быў перададзены Белтрансгаз.  Гэта мае негатыўныя наступствы для нашай краіны. Стратэгічнага прадпрыемства ва ўласнасці Беларусі ўжо няма, а грошы даўно праедзены. І зараз паўторыцца тая ж схема. Рэжым атрымае грошы, каб пратрымацца яшчэ некаторы час,  а нерэфармаваная эканоміка працягне свой шлях у тупік, – лічыць Рыгор Кастусёў.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя