Рыгор Кастусёў: Добра, калі з нашых 31 кандыдата застанецца хаця б 10



„Наш прагноз на выбарчую кампанію спраўдзіўся,” – кажа старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Партыйнае кіраўніцтва чакала, што кампанія будзе больш жорсткая. Пра гэта сведчыць тое, што ўлады масава пазбаўлялі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. І сёння лідар партыі не ў стане дакладна сказаць, колькі дэпутатаў ад Партыі БНФ застанецца ў спісах 17 лістапада. А першапачаткова іх было зарэгістравана 31.

Рыгор Кастусёў заўважае, што да Партыі БНФ улады маюць асобны падыход:

– Кандыдаты ад Партыі БНФ больш чым прадстаўнікі іншых арганізацыяў пазбаўляюцца рэгістрацыі. Пагроза пазбаўлення рэгістрацыі існуе для любога кандыдата. Асабліва для таго кандыдата, хто ўжо атрымаў адно папярэджанне, або атрымала папярэджанне ініцыятыўная група па зборы подпісаў. Вось такіх у нас прэтэндэнтаў на зняццё, па-мойму, яшчэ 5 чалавек. А ўсяго нашых кандыдатаў знята, калі не памыляюся, ужо чалавек 15. Дай Бог, калі з тых зарэгістраваных 31, застанецца 10.

У Беларусі выбіраюць 110 дэпутатаў ніжняй палаты парламента. На сёння кандыдатаў засталося 516. Датэрміновыя выбары характарызуюцца высокай яўкай. ЦВК паведамляе, што за два першыя дні датэрміновага галасавання на ўчасткі прыйшлі 11,5% ад агульнай колькасці выбаршчыкаў.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя