Рыгор Кастусёў: Гэты візіт зблізіць Беларусь і Еўропу
Візіт міністра замежных спраў Польшчы Вітольда Вашчыкоўскага ў Беларусь адыграе вялікую станоўчую ролю ў збліжэнні Беларусі з Еўропай, лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
– Канешне, хацелася б, каб многія пытанні вырашаліся хутчэй і лягчэй. Але, на жаль, мы жывём у такой краіне, пры такім рэжыме. І які б рэжым ні быў – яны прыходзяць і сыходзяць. А Беларусь павінна заставацца. Наша задача сёння – зберагчы і развіваць тое, што мы маем. А мы маем незалежную Беларусь, сваю краіну. І павінны зрабіць усё, как яе захаваць і развіваць кантакты з Еўропай.
Для Аляксандра Лукашэнкі на першым месцы стаіць захаванне сваёй улады. Таму з яго боку шмат у чым дыялог з Захадам – гэта гульня.
Паколькі ўплыў Расеі на Беларусь стаў вельмі вялікім ва ўсіх сферах, то страта падтрымкі з боку Крамля для кіраўніка Беларусі раўназначна страце ўлады. Таму пляцоўка для яго руху ў заходнім кірунку вельмі малая. „З аднаго боку, яму б хацелася пашыраць стасункі з Еўропай. З іншага – боязь Крамля тармозіць больш хуткае развіццё гэтых стасункаў,” – лічыць Рыгор Кастусёў.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск