Рыгор Кастусёў: Глыбокая інтэграцыя заключаецца ў аншлюсе
Партыя БНФ змагаецца за захаванне офіса ў Менску. Мае адбыцца судовы разгляд справы, адносна высялення партыі з памяшкання, якое яна арэндуе. Якія прэтэнзіі маюць улады?
Са старшынём Партыі БНФ Рыгорам Кастусёвым паразмаўляла Яна Запольская:
РР: Пачнём нашу размову з пытання, асабліва важнага на гэтым тыдні, паколькі будзе вырашацца пытанне з офісам партыі. Як выглядае сітуацыя на гэты момант?
Рыгор Кастусёў: Мы праплацілі ўсю запазычанасць, бягучыя плацяжы за лістапад і снежань і падпісалі акт узаемаразлікаў з камунальным прадпрыемствам „Домэнергасервіс”, што сцвярджае, што ў нас няма запазычанасцяў да 31 студзеня 2019 года. І гэты акт я асабіста перадаў у эканамічны суд Менска.
РР: Пасяджэнне ў эканамічным судзе Менска, запланаванае на 16 студзеня, застаецца актуальным? Пытанне ўсё ж будзе разглядацца?
Рыгор Кастусёў: Так.
РР: Якога рашэння вы спадзяецеся?
Рыгор Кастусёў: На першасным пасяджэнні мы прапаноўвалі міравое пагадненне з камунальнікамі. І суд гэта таксама прапаноўваў. Але прадстаўнік камунальнага прадпрыемства адмовіўся ад разгляду міравога пагаднення і настойваў на высяленні.
РР: То бок, улічваючы тое, што арэнда аплачана да канца месяца, фактычна няма эканамічных падстаў, каб гэты офіс у вас забіраць?
Рыгор Кастусёў: Так. Але зараз камунальнікі чапляюцца да таго, што, паводле дамовы 2014 года аб арэндзе гэтага памяшкання, прапісаны вельмі жорсткія ўмовы: калі будуць парушэнні з тэрмінамі аплаты хаця б цягам 2 месяцаў, то арэндадаўца будзе мець права на патрабаванне аб высяленні.
РР: Але раней вы выказвалі меркаванне, што калі вас усё ж выселяць, то гэта будзе палітычнае рашэнне.
Рыгор Кастусёў: Адназначна. І на сённяшні дзень я гэта пацверджу. Я доўга вывучаў сітуацыю з арэндай памяшканняў па горадзе Менску, колькі памяшканняў пустуе. І вось я прывяду вам такія прыклады. На сайце Менскага гарадскога выканаўчага камітэта ёсць спіс нядобрасумленных плацельшчыкаў па арэндзе, за камунальныя паслугі. Дык вось толькі нядобрасумленных плацельшчыкаў па адной арэндзе налічваецца, здаецца, 736 устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый. У тым ліку ёсць і структуры Камуністычнай партыі Беларусі, ёсць структуры грамадскіх арганізацый, напрыклад, „Садружнасці Беларусі і Расеі”. Да гэтых арганізацый у камунальнікаў прэтэнзій няма, у суд на іх не падаюць, а на Партыю БНФ у суд падаюць, імкнуцца высяліць.
РР: Цяпер мы знаходзімся амаль у перадвыбарчым перыядзе. Дакладна яшчэ не вядома, калі адбудуцца парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, тым не менш, частка дэмакратычных структур вызначаецца са сваімі кандыдатамі. Як гэта выглядае ў вашай партыі?
Рыгор Кастусёў: Партыя БНФ прыняла рашэнне пра вылучэнне сваіх прэтэндэнтаў на пасаду кандыдата ў прэзідэнты яшчэ на апошнім з’ездзе, які праходзіў 30 верасня 2017 года. І тады з’езд вылучыў двух прэтэндэнтаў: Аляксея Янукевіча і Юрася Зянковіча. І гэта застаецца актуальным. Пасля унутраных перамоў мы сыходзімся на тым, што будзе кандыдат №1 – гэта Аляксей Янукевіч, але ёсць і запасны кандыдат, вылучаны з’езда – гэта Юрась Зянковіч.
РР: Партыя БНФ вядзе гэтую працу самастойна?
Рыгор Кастусёў: Так. Мы прынялі рашэнне, што ідзем на гэтыя выбары як самастойная палітычная сіла. Рашэнне з’езду ніхто не мае права адмяніць – акрамя самога гэтага з’езду.
РР: Прынята рашэнне, каб 2018 стаў Годам беларускай мовы. Што гэта азначае?
Рыгор Кастусёў: Кампанія ў абарону беларускай мовы прынята адным з рашэнняў Сойму Партыі БНФ, грамадскага аб’яднання БНФ „Адраджэньне”. Калі мы зацвярджалі план дзейнасці на 2018-2020 гады. Гэта кампанія запланаваная. Чаму мы надаем асаблівую ўвагу менавіта гэтай кампаніі? Тое, што адбываецца зараз у Беларусі, я думаю, што вы разумеце, асабліва ў плане пагрозы незалежнасці нашай краіны, менавіта гэта кампанія ў абарону беларускай мовы набывае найбольшую актуальнасць. Можна сказаць, што зараз беларуская мова – гэта зброя ў абароне незалежнасці нашай краіны. Соймам было прынята рашэнне прыняць менавіта такую заяву, як зварот да грамадзян Беларусі, як зварот да ўладаў Беларусі. Нас трошкі здзівіла тая рэакцыя, якая адбылася ў Крамлі. Якая адбылася сярод кіраўніцтва і СМІ Расейскай Федэрацыі, бо гэты зварот быў не да іх, гэты зварот да грамадзян Беларусі, да кіраўніцтва Беларусі.
РР: Якая гэта была рэакцыя?
Рыгор Кастусёў: Рэакцыя вельмі негатыўная ў расейскіх СМІ. дайшло да таго, што палітыкі выказалі негатыўнае стаўленне да нашай заявы ў абарону беларускай мовы. Расейскія сродкі масавай інфармацыі, НТВ і нават камітэт Дзярждумы ў выходны дзень, у нядзелю выказаў сваё меркаванне. Для іх абарона беларускай мовы – гэта чарговыя русафобскія закіды. З-за гэтага нібыта церпяць расейскамоўныя грамадзяне Беларусі, якіх трэба абараняць. Вось да гэтага дагаварыліся расейскія, крамлёўскія каментатары і палітыкі.
РР: То бок беларуская мова спалохала больш, чым розныя палітычныя гучныя заявы, у тым ліку прадстаўнікоў улады?
Рыгор Кастусёў: Так, спалохала вельмі моцна. Мы чаму яшчэ прынялі такую заяву, бо як зазначыў Сойм партыі, і я таксама, беларускія ўлады зараз у разгубленасці пасля ўсіх гэтых заяваў пра неабходнасць далучэння Беларусі да Расейскай Федэрацыі – пра больш глыбокую інтэграцыю. У чым заключаецца гэтая глыбокая інтэграцыя мы ўсе добра разумеем. Яна заключаецца ў аншлюсе Беларусі. У свой час такая інтэграцыя адбылася, калі Нямеччына далучала Аўстрыю, мы ўсе ведаем, што адбылося. У такім жа плане разглядаецца глыбокая інтэграцыя з Беларуссю. Мы бачым, што беларускае кіраўніцтва ў разгубленасці, таму мы паспрабавалі даць накірунак дзейнасці ўладзе, можа падштурхнуць іх. У той жа час гэта заклік да беларускага народа бараніць незалежнасць, гэта заклік да іншых партыйных палітычных сіл, да грамадскіх арганізацый. Калі мы ўсе разам падтрымаем гэтую ініцыятыву, то я думаю, што будзе станоўчы вынік. Там яшчэ была заява пра абмежаванне расейскіх СМІ на тэрыторыі Беларусі, якія будуюць нянавісць, варожасць да іншых нацый, распальваюць міжнацыянальную варажнечу. Гэта нас палохае. Чаму ў Беларусі нельга арганізаваць трансляцыю польскага тэлебачання, украінскага? Ёсць толькі расейскія, якія дамінуюць і забіваюць беларускія каналы.
Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя