Рыгор Кастусёў: Ідзе пошук дадатковых паступленняў у бюджэт



Апошнія прапановы беларускіх уладаў па падвышэнню пенсійнага ўзросту, а таксама падрыхтоўка да прыняцця закона аб „дармаедах” сведчаць толькі пра тое, што ў беларускім бюджэце не хапае грошай, каб запяспечыць выкананне дзяржавай сацыяльных абавязкаў. Пра гэта сказаў намеснік старшыні партыі БНФ Рыгор Кастусёў, каментуючы апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі.

– Лукашэнка нарэшце зразумеў, што эканоміка Беларусі набліжаецца да краху, і нягледзячы на гэта трэба будзе вырашаць пытанні па выплатах пенсій, розных сацыяльных выплатах, якія да гэтай пары атрымлівае шэраг сацыяльных груп насельніцтва, і ад гэтага нікуды не падзецца. Але бюджэт краіны ўжо не дазваляе дзяржаве на 100% выконваць гэтыя абавязкі. Таму ідзе спроба пошука дадатковых паступленняў у бюджэт, каб забяспечыць выплату пенсій пенсіянерам і сацыяльныя выплаты.

«Да таго ж наперадзе прэзідэнцкія выбары, а асноўныя сацыяльныя катэгорыі, якія атрымліваюць такія выплаты, з’яўляюцца прыхільнікамі Аляксандра Лукашэнкі. Лукашэнка хоча атрымаць чарговую «прыгожую» перамогу, а ва ўмовах, калі ўзровень жыцця насельніцтва ўпаў ніжэй за крытычны мінімум – зрабіць гэта немагчыма», – падкрэслівае Рыгор Кастусёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя