Рыгор Кастусёў: Каму цікавая краіна, дзе законы не працуюць?
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў прагназуе, ці вернецца Беларусь з часам да шматвектарнай знешняй палітыкі.
Зараз стасункі беларускага рэжыму з Захадам ізноў знаходзяцца ў замарожаным стане, хаця ўсе разумеюць, што мець толькі адзін вектар – расейскі – вельмі небяспечны варыянт. Што будзе далей?
Рыгор Кастусёў: Складваецца ўражанне, што рэжым не ведае, што рабіць і з расейскім вектарам. Давайце ўспомнім, што напачатку выбарчай кампаніі, напэўна, галоўным ворагам для ўладаў Беларусі была Масква з яе імперскімі амбіцыямі і хітрымі планамі. Праўда, затым гэты вектар перакруцілі ў іншы бок, і рыторыка пачала гучаць іншая: лепшы сябар – Расея, усе ворагі – на Захадзе.
Таму мы бачым, што беларускія чыноўнікі круцяцца як флюгер на даху ў залежнасці ад таго, куды вецер пачынае дзьмуць. На гэты момант вецер дзьме з Усходу, таму і чуем рыторыку пра будаўніцтва чарговага братэрскага саюза. Рэжым наогул усіх запісвае ў ворагі, хто не ацэньвае яго палітычныя крокі, асуджае гвалт і забойствы. І народ ужо цалкам зразумеў, што гэты рэжым вельмі хворы не толькі па сваіх заявах, але і ўчынках.
РР: Што далей?
Рыгор Кастусёў: Пакуль я не бачу перспектыў для паляпшэння стасункаў з Захадам, а таму на гэты момант для беларускага рэжыму застаецца адзін вектар – расейскі. І гэта нясе досыць вялікую шкоду не толькі для палітычнай сістэмы Беларусі, але і для эканомікі краіны. Значыцца, пацерпяць людзі, бо лепшыя тэхналогіі – на Захадзе. Але каму цікава будзе падтрымліваць эканамічныя стасункі і гандляваць з краінай, дзе законы наогул не працуюць?
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя