Рыгор Кастусёў: Лукашэнка апынуўся ў няпростай сітуацыі



Перамовы паміж кіраўніцтвам Расеі і Беларусі завяршыліся без сенсацый. Па меншай меры, аб самых вострых пытаннях – расейскай базе ў Беларусі і расейскім крэдыце публічна нічога не гаварылася. Аднак, па меркаванню намесніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, у кулуарах размова паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнам і аб базе, і аб крэдыце, відавочна, ішла. І адной з умоваў далейшага крэдытавання Беларусі было размяшчэнне базы на тэрыторыі краіны, – мяркуе Рыгор Кастусёў.

Па яго словах, ці дасягнуты нейкія патаемныя дамоўленасці, стане зразумела ўжо ў бліжэйшай перспектыве.

– Для Лукашэнкі гэта вельмі нервовая сітуацыя. Ён разумее, што размяшчэнне базы для яго – гэта адна са страчаных пазіцый самастойнасці. Але ён разумее, што без крэдыту яму ўтрымаць эканоміку Беларусі і сацыяльную сферу немагчыма.

Пра тое, што перамовы былі няпростымі і напружанымі, кажа нярвознасць і памылкі Аляксандра Лукашэнкі. Ён нават памылкова назваў прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна імем прэм’ера Мядзведзева – Дзмітрый Анатольевіч. Паводле Рыгора Кастусёва, гэтыя дэталі могуць ўскосна сведчыць, што Лукашэнка апынуўся падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Расеі ў няпростай сітуацыі.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя