Рыгор Кастусёў: Людзі зараз не жывуць, а выжываюць
Масква не вырашыць эканамічных і іншых праблемаў Беларусі. Іх павінен вырашаць сам беларускі народ, – лічыць намеснік старшыні Партыі БНФ, кандыдат у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году Рыгор Кастусёў. У размове з карэспандэнтам Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам палітык сказаў, што апошні візіт у Маскву прэмьер-міністра Беларусі Кабякова добра паказаў гэта.
„Толку ад такіх паездах Кабякова няма ніякага – лічыць Рыгор Кастусёў, – Тым больш няма карысці для Беларусі. Ну толькі што ён пракаціўся ў Маскву і атрымаў камандзіровачныя, а можа, яшчэ штосьці. Яму, мабыць, ёсць асабістая выгада. А ў эканоміцы Беларусі не прагназуецца і не праглядаецца паляпшэнні сітуацыі. Тым больш, што зараз газ для Беларусі можа каштаваць нават даражэй, чым для краін Заходняй Еўропы – калі лічыць з улікам транспартных расходаў. А з-за таго, што Беларусь не разлічылася за газ, з Расеі знізіліся пастаўкі нафты. Усе гэтыя братэрсткія сяброўскія абдымкі з Расейскай Федэрацыяй апынуліся абдымкамі пітона, – я б назваў іх так. У перспектыве будзе адбывацца і надалей пагаршэнне ў эканоміцы, падзенне валавага ўнутранага прадукта, пагаршэнне ўзроўню жыцця насельніцва, змяншэнне заробкаў. І калі ўлады не пойдуць на правядзенне рэформаў, гэта пагаршэнне будзе працягвацца”.
RR: Вы са Шклова, былой, так бы мовіць, вотчыны сённяшняга кіраўніка дзяржавы. Як там зараз адчуваюць сябе людзі? Як ацэньваюць вынікі дзейнасці ўладаў?
Рыгор Кастусёў: Я ведаю сітуацыю не толькі ў Шклове. Я ведаю сітуацыю і ў іншых рэгіёнах Магілёўшчыны і нашай краіны. Сітуацыя вельмі і вельмі кепская. Людзі абураюцца, што адбываецца іх збядненне. Няма працы нармалёвай. Працаздольная моладзь, якая можа ўладкавацца за мяжой, з’язджае туды, асабліва ў Расею. Многія імкнуцца і на Захад. Людзі, як могуць, выжываюць. Вось менавіта, – людзі выжываюць зараз. Людзі не бачаць перспектывы свайго жыцця. І не бачаць перспектывы для сваіх родных і блізкіх, асабліва для дзяцей і ўнукаў.
RR: Які, так бы мовіць, у правінцыі сярэдні заробак, калі Вы можаце ацаніць?
Рыгор Кастусёў: Калі размаўляеш у рэгіёнах, кажуць, што ну вось 3 мільёны, па старому, дык як бы ўжо і добра для людзей. Як людзі звычайна кажуць: „а дзе я што лепшае знайду?” У большасці сваёй заробкі зачастую і менш 3 мільёнаў. Ідуць вялікія скарачэнні працоўных месцаў. То, што мы не заўважаем павелічэння беспрацоўя, гэта з-за таго, што тыя, хто страціў працу, проста не рэгіструюцца як беспрацоўныя, а едуць на заробкі ў Расею, або ў іншыя краіны. Таму і не адчуваецца роста бепрацоўя, пры ўсім пры тым, што ўсё больш людзей пазбаўляецца працы ў Беларусі. А што гэта цягне за сабой? Калі чалавек не працуе ў Беларусі, значыць, скарачаюцца паступленні ў бюджэт, скарачаюцца паступленні ў пенсійны фонд. І ў будучым пенсійны фонд не будзе мець сродкаў, неабходных для выплаты пенсій. Вось да чаго мы ідзем. Ужо, па маіх звестках, пенсійны фонд падтрымліваецца з дзяржбюджэту. У пенсійным фондзе ўжо недастаткова сваіх сродкаў для таго, каб своечасова плаціць пенсіі і іншыя сацыяльныя выплаты. І яшчэ раз паўтаруся – даўным даўно ў Беларусі саспелі рэформы. Але для таго, каб рэформы пайшлі ў эканоміку, неабходна палітычная воля мы ведаем каго, – аднаго чалавека. Але ён да гэтага не здатны. Я зараз назіраў за тым, як праходзіла свята Купалле ў Александрыі. Чарговае свята правялі. Я яго назваў „Купалле – дажынкі”. Лукашэнка дзейнічае па старому прынцыпу, што людзям патрэбна хлеба даць і патрэбна даць відовішча. Гэта пакуль што ўлады рабіць умеюць. Пакуль што хлеб у людзей есць. Але ж да хлеба ўжо нічога няма. Засталося паўтара месяца да падрыхтоўкі дзяцей у школкі. І вось 1 верасня мы пабачым, што многія бацькі не здольны будуць забяспечыць сваіх дзетак, каб іх адправіць у школу. І вопраткай, і ўсім астатнім неабходным. Вось гэта будуць, як кажуць, першыя ластаўкі ўсіх гэтых недарэчнасцяў, якія адбываюцца ў эканоміцы, да якіх прывяло наша кіраўніцтва, прывёў наш урад.
RR: Але складаецца адчуванне, што і апазіцыя, не на словах, а на справах, баіцца змагацца за ўладу, баіцца прыйсці да ўлады ў такі складаны момант. Дарэчы, карыстаецца апазіцыя падтрымкай сярод насельніцтва, ці таксама людзі вельмі асцярожна ставіцца да яе?
Рыгор Кастусёў: Я бы не казаў так, што апазіцыя баіцца прыйсці да ўлады. Апазіцыю выціскаюць з любых уладных структураў. Не кажучы ўжо пра адміністрацыю прэзідэнта, міністэрствы. Нават з самых нізкіх узроўняў кіраўніцва на прадпрыемствах. Я па сабе гэта ведаю, я быў гатовы працаваць. Але ж мяне звольнілі яшчэ ў 2001 годзе, калі я ўзначальваў жыллёва-камунальную гаспадарку Шклова. І ў Беларусі мне месца працы не знайшлося. Пасля 2001 года я чатыры разы мяняў месца працы не па сваёй волі. Але тое, што мне прапаноўвала ўлада, мяне таксама не задавальняла. Мне прапаноўвалі пасаду дворніка. Я паважаю любыя прафесіі, любыя спецыяльнасці, але лічыў, што здатны на нешта іншае. Я ўладкаваўся ў Расеі, раз я непатрэбны ў Беларусі – дворнікам я не пайшоў. І такіх людзей сярод апазіцыі шмат – падрыхтаваных, вучоных, кандыдатаў навук, дактароў навук, былых кіраўнікоў розных узроўняў. Але яны Беларусі непатрэбны. А чаму іх не пускаюць на вытворчасць, чаму іх выціскаюць з кіруючых пасадаў, гэта цалкам зразумела. Таму што гэтыя людзі здатныя працаваць па-іншаму, яны здатныя паказаць, як трэба працаваць, іншым. А ўладзе гэта не патрэбна. Я да гэтай пары ў Шклове сустракаюся з людзьмі, з тымі, з кім працаваў раней. І людзі мне распавядаюць, што пасля мяне ўжо змянілася 7 дырэктароў. Шасцёра з іх звольнены за злоўжыванне службовым становішчам. Чацвёра з іх былі асуджаны на пэўныя тэрміны за махінацыі і злоўжыванні. І да гэтай пары ва ўладаў праблемы з кадрамі. Я гавару не толькі пра камунальную гаспадарку. Такія праблемы існуюць на іншых прадпрыемствах. Падбор кадраў па прынцыпу кумаўства заўсёды хібны. Як я заўважаю, гэтыя людзі не здольны працаваць як трэба зараз, пры сучасных умовах. Яны працуюць толькі па камандзе зверху. А часта каманды зверху не адпавядаюць рэчаіснасці і неабходнасці.
RR: Зразумела, што ўлада апазіцыю адціскала і будзе адціскаць. Але як ставіцца да яе народ? Зараз ідзе перадвыбарчая кампанія, пікеты стаяць. І нябачна чэргаў жадаючых падпісацца за дэмакратычных кандыдатаў. Адзінкі падыходзяць.
Рыгор Кастусёў: Канешне, мы зараз ужо адвыклі ад чэргаў. Мы пра чэргі, калі абмяркоўваем гэтую сітуацыю, размову вядзем па прынцыпу часоў Савецкага Саюзу, калі стаялі чэргі за каўбасой і іншым. І трэба стаяць у чэргах, каб падпісацца. Людзі ўжо адвыклі ад чэргаў. Таму не варта чакаць, што яны будуць стаяць у чэргах і для таго, каб аддаць свой подпіс за нейкага кандыдата.
RR: У 90-я гады былі не толькі чэргі, былі і 100-тысячныя мітынгі ў Беларусі ў падтрымку дэмакратычнай апазіцыі. Дзя яны зараз?
Рыгор Кастусёў: Было і такое. Іх няма не таму, што людзі не хочуць перамен. Людзі перамен хочуць. Але страх у грамадстве перамог прагу да пераменаў. Я бы сказаў, што не варта цяпер падстаўляцца і сябрам тых палітычных партый або палітычных арганізацый, якія існуюць у Беларусі. Як мы бачым, яшчэ не саспеў той момант, каб самі ж людзі выйшлі бараніць сябе. На жаль, я заўважаю з тых размоваў, якія вёў з людзьмі, а я вельмі часта сустракаюся з людзьмі і на вёсках, і ў райцэнтрах, і ў вялікіх гарадах, і ў Магілёве, і ў Менску, – людзі, на жаль, у сваёй бальшасці чакаюць, што за іх перамены мы зробім. Яны нярэдка кажуць – ну, ці хутка вы там яго? Вось такое пытанне – ці хутка вы там зробіце, што нам будзе лягчэй жыць? Пакуль людзі не ўсвядомяць, што за сябе трэба змагацца самім, а мы, палітыкі, грамадскія дзеячы, павінны падказаць, дапамагчы, і, калі трэба, узначаліць гэтыя працэсы, дагэтай пары пераменаў не будзе. У 90-х гадах зусім іншы склад мыслення быў у людзей. Але за гэтыя 20 з лішнім гадоў страх пераламаў, перамалоў тую свядомасць, што змагацца за свае інтарэсы трэба нам усім разам.
Аднак Рыгор Кастусёў лічыць, што тая грамадзянская актыўнасць, якая абудзіла краіну ў 90-я гады мінулага стагоддзя, непазбежна вернецца.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя