Рыгор Кастусёў: На Усебеларускі сход я не пайду…



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў атрымаў запрашэнне на Усебеларускі народны сход, але адмаўляецца на яго ісці.

Рыгор Кастусёў: Сёння, 4 лютага, я атрымаў запрашэнне на сход, хаця ў ім не сказана, у якой якасці запрошаны – удзельніка мерапрыемства ці госця без права голасу. Трэба пацвердзіць удзел, але мне гэта не патрэбна – яшчэ раней было прынята партыйнае рашэнне не ўдзельнічаць у гэтым сходзе, таму я на яго не пайду.

РР: А можа варта было б скарыстацца магчымасцю патрапіць на гэты форум? Магчыма, з’явілася б магчымасць выступіць і выказаць тое, што праўладныя дэлегаты не скажуць?

Рыгор Кастусёў: Па-першае, я мяркую, што нікому з прадстаўнікоў апазіцыйных партый трыбуну не прадставяць, некаторым пра гэта ўжо паведамілі.

Па-другое, адразу пасля выбараў 9 жніўня многія актывісты нашай партыі ў розных гарадах краіны выходзілі да ўладаў з прапановай арганізацыі перамоўнага працэса, каб спыніць гвалт. У адказ мясцовыя ўлады ўжылі рэпрэсіі да тых самых актывістаў – у Гародні, Лідзе, Віцебску, Магілёве і іншых гарадах. Многія патрапілі на “суткі”, камусьці далі вялікі штраф, а сябра Партыі БНФ з Бярозаўкі Вітольда Ашурка наогул асудзілі да 5 год зняволення. Дык пра што можна весці размову з гэтым рэжымам?

РР: Ведаю, што вас запрашалі ўдзельнічаць і ў дыялогавых пляцоўках…

Рыгор Кастусёў: Так, але найперш мы таксама заявілі, што гэтаму павінна папярэднічаць. А гэта – вызваленне палітвязняў, правядзенне расследавання па фактах гвалту сілавікамі над людзьмі і гэтак далей. Мы прапанавалі дарожную мапу па выхадзе краіны з палітычнага крызісу.

Мы давялі гэтую інфармацыю да ўладных структураў, адтуль прыйшоў адказ: маўляў, мы не прапаноўваем, а ставім ультыматум. Адным словам, дыялогу не атрымалася. Таму для нас непрымальны ўдзел і ў так званым Усебеларускім народным сходзе, бо не трэба, каб яшчэ і лідары апазіцыйных партый дапамагалі легітымізаваць гэтае мерапрыемства і тыя рашэнні, што там будуць прыняты.

Я не выключаю, што менавіта на гэтым сходзе прымуць рашэнне па забароне бел-чырвона-белага сцяга і прызнанні яго экстрэмісцкім. Удзельнічаць у гэтым – як брудам абліцца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя