Рыгор Кастусёў: Партыя БНФ гатовая да выбарчай кампаніі



У Менску адбыўся чарговы сойм Партыі БНФ, а таксама грамадcкай арганізацыі БНФ. Абмяркоўваемыя пытанні ў асноўным тычыліся кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. Быў зацверджаны спіс кандыдатаў для працы ў акруговых, абласных і Менскай гарадской выбарчых камісіях.

Па словах кіраўніка партыі Рыгора Кастусёва, таксама было разгледжана пытанне аб выбарчай платформе на будучую кампанію, дзе даюцца рэкамендацыі, з якімі тэзамі кандыдатам ад Партыі БНФ ісці да людзей

– Партыя БНФ гатовая да выбарчай кампаніі. Яна ідзе ў гэтую выбарчую кампанію не на выбары, бо мы разумеем, што спісы дэпутатаў ужо гатовы, спісы дэпутатаў ужо зацверджаны. І там, у гэтых спісах, месца для сяброў Партыі БНФ няма. А мы ідзём для таго, у першую чаргу, каб данесці пазіцыю Партыі БНФ выбаршчыкам нашай краіны, каб данесці да выбаршчыкаў пра тое, як адбываюцца выбары, як адбываюцца фальсіфікацыі. Ужо працэнтаў 80 людзей нарэшце разумеюць, што выбары адбываюцца праз фальсіфікацыю, а сапраўдных выбараў няма.

Таму галоўная задача Партыі БНФ — данесці людзям праўду і аб выбарах, і аб сітуацыі ў краіне, — кажа Рыгор Кастусёў.

Таксама на сойме была прынята заява аб тым, што прызначэннем новых выбараў парушана беларускае заканадаўства. Тэрмін працы дзеючай Палаты прадстаўнікоў скарочаны амаль на год і гэта фактычна датэрміновы роспуск, ніяк не абгрунтаваны законам. Партыя БНФ мае намер звярнуцца з гэтай заявай у Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь.

Беларускае Радыё Рацыя