Рыгор Кастусёў патрабуе вызвалення затрыманага старшыні БСДП



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай пратэсту супраць затрымання кіраўніка БСДП Ігара Барысава.

Лідар БНФ патрабуе тэрмінова вызваліць старшыню партыі, якая разам з БНФ і рухам “За свабоду” выступае адным з арганізатараў сёлетняй акцыі на Дзень Волі. „Я бачу, што некаторыя сілы зацікаўленыя ў разгортванні новай кампаніі гвалту, замест спакойнага і мірнага адзначэння памятнай даты беларускай гісторыі” – гаворыцца ў заяве старшыні БНФ. 

Навіна пра затрыманне старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігара Барысава паступіла каля трох гадзінаў 21 сакавіка. Пра затрыманне палітыка паведаміла ў Фэйсбуку ягоная жонка Алена. Затрыманне адбылося, калі Ігар Барысаў разам з сямʼёй вяртаўся дадому: машына палітыка была спыненая на вуліцы Геалагічнай – яе падрэзаў жоўты мікрааўтобус. Адтуль выскачылі людзі ў людзі ў масках, якія выцягнулі Ігара Барысава з машыны. Як падкрэслівае Алена Барысава, пры затрыманні старшыня БСДП не чыніў супраціву. Хто канкрэтна праводзіў затрыманне і ў чым вінавацяць палітыка – невядома.

Як паведамляецца, затрыманы палітык быў дастаўлены ў РУУС Партызанскага раёна, дзе меў магчымасць патэлефанаваць родным. Як пазней напісала жонка затрыманага, адтуль Ігара Барысава вывезлі ў ізалятар на Акрэсьціна ў межах працэсу аб адміністратыўным правапарушэнні. Звестак пра тое, калі і ў якім судзе адбудзецца разгляд справы, пакуль няма.

БСДП (Г), якую ўзначальвае Барысаў, разам з рухам «За свабоду» і Грамадскім аб’яднаннем БНФ «Адраджэнне» падавалі заяўку ў Менгарвыканкам на правядзенне шэсця на Дзень Волі 25 сакавіка. Заяўку прадстаўнікі апазіцыі перадалі гарадскім уладам 9 сакавіка. На наступны дзень кіраўнік КДБ Іван Церцель абвінаваціў апазіцыю ў падрыхтоўцы правакацыяў падчас Дня Волі і ў наступныя дні.

З нагоды арышту апазіцыйнага палітыка старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выступіў з заявай:

– Паступіла інфармацыя пра затрыманне старшыні БДСП Ігара Барысава – гэта ёсць вельмі трывожным знакам. Напярэдадні Дня Волі затрыманы кіраўнік арганізацыі, якая разам з БНФ і рухам “За Свабоду” выступіла заяўнікам традыцыйнага масавага мерапрыемства. Падаўшы заяўку на правядзенне акцыі ў санкцыянаваным, легальным фармаце, мы далі менскім уладам шанец пазбегнуць чарговага вітка гвалту і супрацьстаяння на вуліцах сталіцы. Але арышт аднаго з заяўнікаў несумяшчальны з выкананнем абавязкаў, якія ўскладзеныя законам на арганізатараў масавага мерапрыемства. У сукупнасці з пагрозамі, якія гучаць з вуснаў дзяржслужбоўцаў, існуе небяспека таго, што сітуацыі выйдзе з-пад кантролю.

Я бачу, што некаторыя сілы зацікаўленыя ў разгортванні новай кампаніі гвалту, замест спакойнага і мірнага адзначэння памятнай даты беларускай гісторыі.

Я патрабую ад праваахоўных органаў, кіраўніцтва Менску адказна ставіцца да сваіх абавязкаў, выконваць закон і не чыніць перашкодаў арганізатарам, якія маюць намер правесці акцыю мірным шляхам у парадку, які прадугледжаны законам “Аб масавых мерапрыемствах”. Я заклікаю ўлады тэрмінова вызваліць старшыню БСДП Ігара Барысава, а таксама даць дазвол на легальнае правядзенне запланаванага масавага мерапрыемства ў Менску ў легальным і бяспечным фармаце.

Прэс-служба Партыі БНФ