Рыгор Кастусёў: Праблемы на лініі Менск – Масква не вырашаныя



Перамовы кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і прэмьера Расеі Дзмітрыя Мядзведзева паказалі, што ранейшыя праблемы ў адносінах двух краінаў не вырашаныя. Лукашэнка разлічваў, што са стварэннем Еўразійскага звязу ўсе яго сябры атрымаюць роўныя ўмовы доступу да рынкаў, у тым ліку нафты і газу. Ні ў рамках Еўразійскага саюза, ні ў рамках саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, ні ў рамках СНД Аляксандр Лукашэнка такіх магчымасцяў не атрымаў, кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

– Гэта прызналі і прадстаўнікі дэлегацыі краін СНД, гэта прызналі і Лукашэнка з Мядзведзевым на перамовах. Самае галоўнае, што Лукашэнка нарэшце прызнаў, што гэтыя саюзы не прынеслі беларускаму народу ніякай карысці. Ён так не сказаў адкрыта, але па яго словах тыя чаканні, якія ён ставіў пры стварэнні саюза, што будзе карысць для Беларусі, ён ужо засумняваўся ва ўсіх гэтых справах.

Больш таго, Беларусі прыйшлося пайсці на шматлікія саступкі. Але гэта не спыніла эканамічных складанасцяў паміж Расеяй і Беларуссю. Працягваюцца малочныя, газавыя і іншыя войны. Дакументы Еўразійскага саюза не працуюць. Зараз таксама не ўдалося знайсці падыходы да падпісання мытнага кодэксу.

Спадзяванні Аляксандра Лукашэнкі зноў не спраўдзіліся. І гэты працэс узаемных непаразуменняў будзе працягвацца, упэўнены Рыгор Кастусёў. Па яго меркаванню, выйсце ў тым, каб Беларусь выйшла з саюзаў з Расеяй, будавала сваю незалежную дзяржаву і ўмацоўвала сувязі з Еўразвязам.

Беларускае Радыё Рацыя