Рыгор Кастусёў: Рэпрэсіі былі, ёсць і будуць
Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў выказаў сваё стаўленне да сёлетняй выбарчай кампаніі.
Рыгор Кастусёў: Не бачу вялікіх адрозненняў гэтай прэзідэнцкай кампаніі ад папярэдніх. Як і раней адбываецца ціск на альтэрнатыўных удзельнікаў гэтага працэсу.
Іншая справа, што зараз больш развіты інфармацыйныя тэхналогіі, і ад грамадства ўлады ўжо не могуць схаваць нейкія моманты, таму кожны іх крок вельмі хутка становіцца вядомым для ўсіх. У гэтым плане магчымасці у прэтэндэнтаў у прэзідэнты значна большыя.
Але што тычыцца рэпрэсій, то тут змяняецца, можа быць, толькі форма, а змест застаецца ранейшым. Рэпрэсіі былі, ёсць і будуць.
РР: Але зараз яны пачаліся амаль за два месяцы да асноўнага дня галасавання.
Рыгор Кастусёў: Правакацыі, ціск на сем’і альтэрнатыўных кандыдатаў быў ва ўсе часы. Я на сабе гэта адчуваў, калі ў 2010 годзе быў кандыдатам у прэзідэнты. Былі нават пагрозы фізічнай расправы.
Проста, паўтаруся, зараз да людзей больш інфармацыі даходзіць, а таму многім і падаецца, што масштаб рэпрэсій большы.
Як мне падаецца, зараз нават многія прыхільнікі беларускага кіраўніка, якія раней яго падтрымлівалі, зразумелі, што атрымалі ў выніку. Таму незадаволенасць дзеючай уладай большая.
Улады, якія манітораць сітуацыю і ведаюць сапраўдныя настроі людзей, вырашылі дзейнічаць прэвентыўна. Ім патрэбна прыбраць самых моцных кандыдаў і стварыць атмасферу страху.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Ралдыё Рацыя