Рыгор Кастусёў стаў памочнікам дэпутата Алены Анісім
Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў стаў памочнікам дэпутата Алены Анісім. «Шмат у чым супадаюць погляды на падзеі ў Беларусі, падабаецца яе пазіцыя па адраджэнні беларускіх каштоўнасцяў, адраджэнні беларускай мовы і культуры», — пракаментаваў палітык.
– Мы з ёй сустракаліся некалькі разоў, я ўжо атрымаў шэраг даручэнняў і з задавальненнем іх выконваю. У першую чаргу спадарыня Алена завастрае ўвагу на неабходнасць правядзення працы па адраджэнні беларускай мовы. Паспрабуем правесці перамовы з шэрагам кіраўнікоў рэгіёнаў па стварэнні беларускамоўных класаў або і школ.
Па словах Кастусёва, ён сам падахвоціўся стаць памочнікам дэпутата і мае намер аказваць дапамогу Анісім у пытаннях адраджэння беларускай мовы. Ён таксама сказаў, што ў цяперашні час у Алены Анісім чатыры з пяці магчымых па законе памочнікаў. За працу двух з іх прадугледжана аплата. Рыгор Кастусёў, па яго словах, будзе выконваць функцыі памочніка дэпутата парламента на грамадскіх пачатках.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя