Рыгор Кастусёў: Тэхнічны збой – гэта адказ Расеі



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў лічыць, што тэхнічны збой, з-за якога па трубаправодах з Расеі ў Беларусь пачала пастаўляцца забруджаная хларыдамі нафта – гэта адказ кіраўніцтва Расеі на пагрозы Аляксандра Лукашэнкі пра закрыццё гэтых нафтаправодаў на рамонт.

І гэты небяспечны для эканомікі Беларусі крок паказвае, чаго каштуюць усе саюзныя дамовы паміж Расеяй і Беларуссю, заключаныя ў рамках саюзнай дзяржавы і Еўразійскага саюзу.

Рэальнасць дэманструе, што ўсе гэтыя дамоўленасці і дакументы – гэта нішто, гэта пустыя дакументы, лічыць Рыгор Кастусёў:

– Вось як дзейнічае наш у двукоссях самы надзейны саюзнік на постсавецкай прасторы. Вы заявілі пра рамонт нафтаправодаў, вось вам наце брудную нафту. Атрымалі праблемаў болей, чым іх было. Зараз у сувязі з тым, што Беларусь не можа пастаўляць нафтапрадукты перапрацоўкі ў краіны Еўропы, гэта нафта ўжо дайшла да Еўропы.

І зараз самае цікавае, як будуць рэагаваць улады Беларусі, Украіны, Польшчы, краінаў Балтыі на гэтую сітуацыю, атрымаўшы брудную нафту, ці, з-за спынення паставак, не атрымаўшы ўвогуле нічога, нягледзячы на дамовы з Расейскай Федэрацыяй. Адно ўжо зараз відавочна – Расейская Федэрацыя як была, так і застаецца вельмі ненадзейным партнёрам, лічыць Рыгор Кастусёў.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск