Рыгор Кастусёў: У сэрцах людзей – бел-чырвона белы сцяг і герб Пагоня



Усё больш новых цяжкасцяў ствараюць беларусам для мірных пратэстаў. Усялякія перашкоды, а галоўнае правакатары змяняюць настроі людзей на вуліцах. З’яўляюцца ўжо настроеныя да радыкалізму супраць сілавікоў усіх масцей, якія ў масках і без апазнавальных знакаў, а часам і без уніформы чыняць гвалт і злачынствы. Кажа Рыгор Кастусёў – старшыня партыі БНФ:

– Я бы сказаў, што ўжо якісьці вынік маем. Па-першае, гэта аб’яднанне людзей на глебе адстойвання незалежнасці, дэмакратыі, правоў народа. У сэрцы людзей атрымаў месца бел-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня – тое, што дэмакратычныя сілы і ў тым ліку Партыя БНФ трымалі гэты сцяг цягам 26 год, падвяргаліся рэпрэсіям, але не скарыліся.

Лукашэнкаўская прапаганда спрабуе стварыць цалкам крымінальны вобраз народа, які адстойвае сваё канстытуцыйнае права на вуліцы, але гэта выглядае як сатыра ўлады на сябе. Кажа Алесь Стральцоў, аўтар праграмы „Шлях пераменаў.”

– Інтэрв’ю апошняе, якое дае Карпянкоў, які кажа, што на вуліцы засталіся толькі „нейкія бандыты, матываваныя грашыма, а часткова, магчыма, алкаголем і наркотыкамі. Яны ходзяць з дубінкамі ў руках, якімі калі даць па галаве, дык можна ж і забіць. І такія вось падрыхтаваныя групы баевічкоў”. Мне здаецца, любы чалавек, калі гэта чытае, то думае, ты ж пра вас саміх расказваеш.

Кожны новы дзень супрацьстаяння й ўпёртасці узурпатара пагаршаюць эканамічны стан беларускіх грамадзянаў. Удзельнікі вулічных пратэстаў усё больш  свядомыя ў сваёй адказнасці за лёс дзяржавы, яе суверэнітэт, як найвышэйшую каштоўнасць нацыі. Ці такой свядомасці Лукашэнка і яго выканаўцы?

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: narodny.org