Рыгор Кастусёў: Улада не збіраецца мяняць выбарчае заканадаўства



Перамены ў выбарчым заканадаўстве патрэбныя, але ці мы іх дачакаемся. Партыя БНФ заклікае ўлады ўнесці змены ў выбарчае заканадаўства згодна з рэкамендацыямі міжнародных арганізацый. Кіраўніцтва Партыі БНФ заяўляе, што цяперашні склад Палаты прадстаўнікоў сфармаваны „праз антыканстытуцыйны і нелегітымны спосаб, які не быў выбарамі, а быў працэдурай адміністратыўнага прызначэння спісу лаяльных асоб, якія не з’яўляюцца прадстаўнікамі беларускага народу”.

Патрабаваць перамены трэба, але іх перспектывы старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў ацэньвае даволі скептычна:

– Лідзія Ярмошына ўжо заявіла, што прэзідэнцкая кампанія ўжо хутка і часу на змены ў выбарчым заканаўстве няма. Яна дала ўсім зразумець, што ніякіх зменаў не будзе, і кампанія па выбарах прэзідэнта адбудзецца па існуючым выбарчым заканадаўстве, і цалкам верагодна і надалей у перспектыве грамадзяне Беларусі зменаў у выбарчае заканадаўства не дачакаюцца.

І ў гэтай сувязі сойм Партыі БНФ заклікае міжнародныя парламенцкія структуры, „грунтаваць стасункі з Палатай прадстаўнікоў з улікам таго, што яе новы склад не быў абраны ў адпаведнасці з абавязацельствамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі стандартамі дэмакратычных выбараў”. БНФ рыхтуецца да прэзідэнцкай кампаніі, якая таксама, як прагназуюць у партыі будзе праходзіць “па звычайных беларускіх стандартах”.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя