Рыгор Кастусёў: Вылучаем кандыдатуру на пасаду кіраўніка Шклоўскага раёна



Намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў скаргу на імя пракурора Магілёўскай вобласці Аляксандра Чадзюка. У сваёй скарзе Рыгор Кастусёў, які стала пражывае ў Шклове, просіць пракурора Магілёўскай вобласці прыняць меры да парушальнікаў беларускага заканадаўства ў пытаннях працы са зваротамі грамадзян супрацоўнікамі Шклоўскага райвыканкама. Па словах Рыгора Кастусёва, бяздзейнасць уладаў прывяла да рашэння вылучыць новага чалавека на пасаду кіраўніка Шклоўскага раёна.

– У нас ужо ёсць рашэнне грамадзянскай ініцыятывы “Шклоўскі магістрат”. Будзем прапаноўваць на пасаду старшыні Шклоўскага райвыканкама дасведчанага чалавека, кандыдата эканамічных навук Пятра Сцяпанавіча Мігурскага. Мы зараз рыхтуем дакументы і адкрыты ліст да Лукашэнкі і ў адміністрацыю прэзідэнта.

Нягледзечы на вялікія фінансавыя ўліванні з дзяржаўнага бюджэту з мэтай развіцця прадпрыемстваў раёна, эканамічны стан Шклоўшчыны ў апошнія гады пагаршаецца. „На ўсю краіну гучаць рэгулярныя карупцыйныя скандалы з удзелам чыноўнікаў Шклоўскага райвыканкаму і кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў раёна”, – адзначае Рыгор Кастусёў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя