Рыгор Кастусёў: Заява, якая здзівіла апазіцыйныя колы



Экс-дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім адмаўляецца спаборнічаць з Аляксандрам Лукашэнкам за прэзідэнцкае крэсла. Яна не будзе ўдзельнічаць у выбарах 2020 года, калі на чарговы тэрмін ідзе дзеючы кіраўнік дзяржавы. Такая заява прагучала на Сойме Партыі БНФ, паколькі Анісім разглядалася, як адзін з патэнцыйных кандыдатаў, якіх гэта структура можа падтрымаць. Алена Анісім раней адной з першых заявіла пра свой намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах, цяпер змяніла сваё меркаванне. І гэтым здзівіла сваіх калегаў, заўважае старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

– Яе заява пра тое, што яна не будзе ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі, калі тут вылучыцца ў якасьці кандыдата ў прэзідэнты Аляксандр Лукашэнка, для нас крыху была і нечаканая, але адназначна, што гэта сведчыць пра тое, што Алена Анісім не настроена ўдзельнічаць у гэтай выбарчай кампаніі, бо Аляксандр Лукашэнка ўжо заявіў пра свой намер удзельнічаць. Тут адбываецца накладка жаданняў і намераў. Як мы разумеем, што спадарыня Алена прыняла рашэнне не ўдзельнічаць надалей у гэтай працэдуры.

Тым часам Алена Анісім прапануе апазіцыі правесці перад выбарамі кампанію па зборы подпісаў за няўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў выбарах. Дзеючы кіраўнік дзяржавы пра свой намер балатавацца на чарговы тэрмін абвесціў 17 лістапада 2019 года.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя