Рыгор Ніжнікаў: Беларускай знешняй палітыкі больш няма



Даследчы цэнтр Офіса Святланы Ціханоўскай правёў анлайн-прэзентацыю выдання „Палітыка Расеі ў дачыненні да Беларусі пасля 2020 года: на пераломе?”. Кніга змяшчае ключавыя новыя тэндэнцыі палітыкі Беларусі і Расеі ў адносінах адна да адной, і была створана пры падтрымцы Оксфардскай беларускай абсерваторыяй у партнёрстве з Фінскім інстытутам міжнародных адносін (FIIA) і IGSD Універсітэта Уорыка.

Наша карэспандэнтка Вольга Сямашка пагутарыла з суаўтарам выдання, старэйшым навуковым супрацоўнікам праграмы ЕЗ „Усходняе суседства і Еўразія” Фінскага інстытута міжнародных адносін у Расеі, Рыгорам Ніжнікавым пра тое, наколькі змяніліся і ў якім накірунку рухаюцца беларуска-расейскія адносіны, ці лёгка Беларусі будзе выйсці з Саюзнай дзяржавы і ўступіць у вайну з Украінай, хто мусіць распрацаваць стратэгію для вызвалення Беларусі і чаму з Лукашэнкам нельга весці перамовы ні пры якіх умовах:

РР: Якія галоўныя высновы гэтага даследвання? Што варта выдзеліць?

Першае, мы павінны казаць пра пералом расейска-беларускіх адносін, пасля гэтага падвойнага крызісу. Палітычны крызіс пасля лета 2020 года, які яшчэ не скончыўся і працягваецца, а таксама лукашэнкаўскі саўдзел у вайне Расеі супраць Украіны. Гэты пералом ва ўсіх сферах супрацоўніцтва, уплыў і залежнасць ад Масквы выраслі істотна. Мы ўжо не бачым нейкіх магчымасцяў Менску стрымліваць уплыў у ключавых сферах – у эканоміцы, ваеннай сферы, знешняй палітыцы. У прынцыпе беларускай знешняй палітыкі больш няма. Лукашэнка трапіўся ў пастку сваіх уласных дзеянняў, сваіх уласных рашэнняў пасля жніўня 2020 года. Як вынік мы бачым, што ў беларускай знешняй палітыцы няма незалежнасці і што Менск у вонкавай палітыцы выконвае функцыю „расейскага свету”. Калі мы глядзім у будучыню, то першае гэта тое, што нельга разглядаць Лукашэнку, як корань гэтай праблемы і не шукаць праз Лукашэнку выхаду з гэтай сітуацыі. Лукашэнка больш не з’яўляецца патэнцыйным абаронцам беларускага суверэнітэту. Беларускі суверэнітэт пад пагрозай, Лукашэнка з’яўляецца часткай гэтай праблемы. Ён здае суверэнітэт дзеля сваёй уласнай улады, то бок такая даволі банальная выснова, але навукова абгрунтаваны з нашага боку. Захаду трэба істотна перагледзець сваю палітыку ў дачыненні да Беларусі. Па-першае, павінна быць стратэгія, як Захад бачыць будучыню. Акцэнт павінен рабіцца не на Лукашэнку, не на патэнцыйных перамовах з Лукашэнкам, а менавіта на грамадства. Грамадства павінна ведаць ці ёсць у яго будучыня па-за межамі Расеі, ці ёсць у яго будучыня без Лукашэнкі і што Еўразвяз прапануе гэтую будучыню беларускаму грамадству, павінна быць еўрапейская палітыка ў дачыненні да Беларусі, якой пакуль зараз няма.

РР: Ці ёсць палітычныя сілы, якія здольныя даць такі стратэгічны план для Еўропы?

Я з вамі цалкам згодны, гэта вельмі вялікае пытанне. Я бачу нейкі „палітычны футбол”. З аднаго боку мы бачым, што Еўразвяз кажа, вось у вас ёсць прадстаўнікі, апазіцыя ў выглядзе Ціханоўскай, Латушкі і г.д. У вас ёсць структуры. Мы даем вам грошы, бо вы прадстаўляеце калі не ўсю Беларусь, то частку, то вы і вырашайце, якая будзе будучыня. У сваю чаргу мы бачым, што палітычныя структуры ў выгнанні таксама перакладаюць адказнасць за гэта на Еўразвяз, кажу, што вы ж такія магутныя і вам трэба распрацаваць. Мы бачым, што ніхто не хоча браць на сябе адказнасць. Абодва бакі не правыя і вырашылі адцягваць гэты цяжар прыняцця даволі цяжкага пытання. З пункту гледжання Еўразвязу я разумею чаму гэта, бо гэта цяжкая бюракратычная структура, якая ў прынцыпе ў сваёй знешняй палітыцы рэакцыйная. Яна ў прынцыпе падтрымлівае статус-кво, не з’яўляецца актыўным акторам. У дачыненні да Беларусі ў Еўразвяза ніколі не было дакладнай стратэгіі. Пасля палітыкі дэмакратызацыі, якая правалілася ў 2000-я гады. Нават тады гэта была такая даволі больш дэкларатыўная. У гэтым плане Еўразвяз дзейнічае так, як дзейнічае, яго трэба „тармашыць”. Гэта павінны рабіць, як беларускія палітычныя структуры на выгнанні, так і беларускае грамадства. Яно павінна гуртавацца і напрацоўваць ідэі, лабіяваць іх у брусельскіх калідорах. Тут я б сказаў, мы бачым з пункту гледжання палітычнай часткі, што апазіцыя з’яўляецца слабай, у яе ёсць унутраныя праблемы. Мы бачым, што арганізацыйна яна падзелена, што ідзе барацьба за ўладу, за рэсурсы. Таксама няма канкрэтных ідэй, якія б палітычная апазіцыя магла прапаноўваць грамадству. У дадзеным выпадку мы бачым, што беларуская апазіцыя многаму навучылася за апошнія два гады, але яна ўсё ж такі ідзе за падзеямі. Каб былі прынятыя нейкія важныя рашэнні, павінны быць знешнія стымулы, напрыклад, як пачатак вайны ва Украіне, каб былі сфармаваныя некаторыя тэзісы ў адносінах да Расеі. Палітычная апазіцыя з’яўляецца хоць і вельмі важным актарам з пункту гледжання прасоўвання беларускага пытання на Захадзе. Святлана Ціханоўская робіць добрую справу, каб беларускае пытанне не забывалася на Захадзе. Але каб менавіта распрацоўваліся планы заходнімі структурамі, то тут эфект даволі нізкі. На жаль часу вельмі мала, але калі казаць пра тое, як гэта можа адбыцца, то мы бачым прыклад Украіны.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Са старэйшым навуковым супрацоўнікам праграмы ЕЗ „Усходняе суседства і Еўразія” Фінскага інстытута міжнародных адносін, Рыгорам Ніжнікавым, размаўляла Вольга Сямашка.

Беларускае Радыё Рацыя