Васілевіч прапанаваў увесці для дзяржслужачых экзамен па беларускай мове
Былы генпракурор і экс-старшыня Канстытуцыйнага суда, загадчык кафедры канстытуцыйнага права юрыдычнага факультэта БДУ Рыгор Васілевіч прапанаваў увесці для дзяржслужачых экзамен на веданне беларускай мовы. У чацвер ён выступіў перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў на круглым стале “Заканадаўства на беларускай мове: праблемы і практычнае вырашэнне на аснове Канстытуцыі”.
Ініцыятарам мерапрыемства з’яўляецца дэпутат парламента, старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім. У круглым стале брала ўдзел да 50 чалавек — дэпутаты, прадстаўнікі Мінюста, вядомы навуковец-мовазнаўца Аляксандр Лукашанец, экс-старшыня ТБМ, рэктар нацыянальнага ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча Алег Трусаў.
У сваім выступленні Васілевіч заявіў, што “ніякіх юрыдычных ці прававых перашкод для таго, каб заканадаўства было адразу на рускай і беларускай мовах, няма”. Па яго словах, на дадзены момант неабходна, каб дэпутаты і чыноўнікі проста выконвалі патрабаванні двух законаў — аб мовах і дзяржслужачых, якія патрабуюць валоданне двума мовамі. А яны на сённяшні дзень дзяржаўнымі служачымі не выконваюцца, сказаў Рыгор Васілевіч.
Таксама Васілевіч прапанаваў дэпутатам больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову на сесіях. Напрыклад, адна з іх магла б цалкам весціся па-беларуску, іншая — па-руску. І яны маглі б чаргавацца. Такім чынам, захоўваўся б парытэт моваў, адзначыў прамоўца. Ён прапанаваў таксама, каб у законе аб мовах больш дакладна было прапісана, што беларускай мовай мусяць валодаць тыя ж суддзі, пракуроры.
Паводле «Еўрарадыё»