Рыхтуецца больш за 20 спраў па ўніверсальнай юрысдыкцыі супраць сілавікоў



Па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве, Польшчы і Чэхіі вядзецца падрыхтоўка больш як 20 спраў пацярпелых падчас пратэстаў у Беларусі, паведаміў дарадца экс-кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.

„У снежні ўжо была распачатая адна справа па ўніверсальнай юрысдыкцыі, у якой пацярпелым прызнаны беларус Максім Харошын. У найбліжэйшы час у Літве мы рыхтуем да падачы тры справы. Па адной пацярпелая — грамадзянка Літвы беларускага паходжання. Яшчэ дзве справы — па заяве беларусаў, якія зведалі катаванні”, — цытуе дарадцу прэс-служба Ціханоўскай.

Паводле яго слоў, усе, хто стаў ахвярай такога гвалту, могуць падаваць дакументы ў літоўскую паліцыю і справы будуць расследавацца. Цяпер у Літве і іншых краінах шмат беларусаў, якім давялося пакінуць радзіму пасля катаванняў і пераследу. Яны павінны ведаць, што ў іх ёсць магчымасць дамагчыся правасуддзя, заявіў Дабравольскі.

Як адзначыў дарадца Ціханоўскай, у Польшчы падрыхтавана 10 спраў. Паралельна вядзецца расследаванне па фактах катаванняў у дачыненні да грамадзян Польшчы, якія апынуліся ў Беларусі падчас пратэстаў. Сведкамі праходзяць беларускія грамадзяне, якія могуць быць прызнаныя і пацярпелымі.

У Чэхіі падрыхтавана да падачы 10 спраў. Пацярпелымі выступаюць беларусы, якія праходзілі ў Чэхіі рэабілітацыю пасля жорсткіх збіванняў і катаванняў сілавікамі.

Справы рыхтуе ініцыятыва ByPol.

belapan.by