Рыхтуецца закон, які будзе рэгуляваць вытворчасць і абарот алкаголю



На грамадскае абмеркаванне да 29 красавіка вынесены праект закона „Аб змяненні законаў па пытаннях вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай з утрыманнем спірту прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту”, паведаміў Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.

Праект закона прадугледжвае карэкціроўку законаў ад 27 жніўня 2008 года „Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абароту алкагольнай, нехарчовай з утрыманнем спірту прадукцыі і нехарчовага этылавага спірту” і ад 30 снежня 1997 года „Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Арганізатар грамадскага абмеркавання — Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Як адзначаецца ў абгрунтаванні праекта, прадугледжана прадастаўленне права на ажыццяўленне вытворчасцi, аптовага гандлю, захоўвання (як вiду прадпрымальнiцкай дзейнасцi) прадукцыі і спірту толькі юрыдычным асобам Беларусі. Таксама ажыццяўленне рознічнага гандлю алкагольнымі напоямі дазволенае толькі беларускім юрыдычным асобам, за выключэннем рознічнага гандлю ў аб’ектах грамадскага харчавання ў разліў. Права на экспарт і імпарт прадукцыі і спірту даецца толькі юрыдычным асобам Беларусі, за выключэннем імпарту нехарчовай з утрыманнем спірту прадукцыі, расфасаванай у спажывецкую ўпакоўку ёмістасцю не большай за 1 лiтр (масай не большай за 1 кг) — тут права даецца таксама індывідуальным прадпрымальнікам. Даванне права на ажыццяўленне вытворчасці і абароту падакцызных тавараў магчымае толькі беларускім юрыдычным асобам.

Таксама ў праект закона пра алкаголь унесены шэраг зменаў у частцы ліцэнзавання відаў дзейнасці, звязаных з вытворчасцю і абаротам прадукцыі і спірту. Прадугледжваецца пашырэнне пераліку выпадкаў, калі не трэба атрымліваць ліцэнзію на аптовы гандаль і захоўванне (як вiд прадпрымальнiцкай дзейнасцi) алкагольнай прадукцыі.

Прапануецца ўдакладніць норму аб нераспаўсюджванні ліцэнзавання імпарту на алкагольныя напоі, якія ўвозяцца для рэалізацыі ў магазінах бяспошліннага гандлю. Змена фармулёўкі звязаная з тым, што пры правапрымяняльнай практыцы магчымыя выпадкі, калі кантралюючыя органы могуць ставіць пад сумнеў правамоцнасць распаўсюджвання выключнага права дзяржавы на імпарт для алкагольных напояў, якія будуць прададзеныя фізічным асобам.

Са зменамі і дапаўненнямі можна азнаёміцца на сайце pravo.by.

belapan.by