Рымашэўскі: 1 траўня можа быць перагледжана працэдура праймерыз
Перагляд працэдуры праймерыз можа адбыцца на пасяджэнні палітсавета народнага галасавання 1 траўня, паведаміў журналістам сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі.
„Мы разумеем, што могуць быць спробы сарваць інтэрнэт-галасаванне, таму 1 мая мы будзем прымаць рашэнне аб пераглядзе працэдуры. Яна не можа быць выканана ў тым выглядзе, у якім была падпісаная, хоць бы таму, што Партыя БНФ выйшла з пагаднення. Ёсць пытанне размеркавання галасоў, аддадзеных партыямі ў самым пачатку. Акрамя таго, застаецца пытанне аб галасах, якія павінны размяркоўвацца ў паездках па рэгіёнах”, — сказаў Рымашэўскі.
Паводле яго слоў, вынікі інтэрнэт-галасавання да праверкі будуць мець інфармацыйны характар. „Толькі пасля таго, як мы пацвердзім, што не было накрутак, ddos-атак, будуць абвешчаныя канчатковыя вынікі галасавання”, — растлумачыў палітык.
Рымашэўскі адзначыў, што да яго звярнуўся шэраг абласных каардынатараў БХД з патрабаваннем адмяніць вынікі галасавання ў рэгіёнах, якія прайшлі з удзелам прадстаўнікоў уладаў. Да гэтага моманту яны спыняюць удзел у працэдуры праймерыз.
„У нас ёсць пазіцыя, што недапушчальная накрутка галасоў. Мы не можам дапусціць, каб адзінага кандыдата вызначалі прадстаўнікі дзейнай улады. Наша прапанова была адмяніць галасаванне ў тых гарадах. Мы не бачым у гэтым праблемы, таму што па факце ўсе галасаванні ў рэгіёнах так ці інакш будуць адменены, таму што гэтая частка працэдуры невыканальная, паездкі па рэгіёнах, хутчэй за ўсё, немагчымыя, пад пытаннем правядзенне самога кангрэса. Прапанова не прайшла, але спадзяемся, што калегі 1 мая да нас прыслухаюцца”, — сказаў сустаршыня аргкамітэта БХД.
Пры гэтым ён падкрэсліў, што фармальна працэдура не была парушаная і таму БХД у ёй застаецца. „Але мы не можам дыскрэдытаваць праймерыз, калі па выніку ўбачым, што ўсё ж не беларускі народ выбіраў кандыдата, а Акадэмія МУС прыйшла прагаласаваць. Мы разумеем: калі праймерыз не ўдасца на гэтыя выклікі адказаць, трэба будзе канстатаваць, што працэдура не адбылася”, — заявіў Рымашэўскі.
Ён паведаміў, што больш шырокае кола арганізацый, уключаючы Партыю БНФ, працягвае працу над праграмай рэформ для адзінага і для любога дэмакратычнага кандыдата. Таксама працягнецца сумесная праца ў межах кампаніі назірання „Права выбару”.
Пра працэдуру праймерыз дамаўляліся Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), аргкамітэт па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” (БХД) і рух „За Свабоду”.
16 сакавіка ад выхадзе з праймерыз заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец. Сваё рашэнне ён патлумачыў адсутнасцю рэакцыі арганізатараў на масавы, на яго думку, удзел прадстаўнікоў уладаў у галасаванні, а таксама нежаданнем спыняць паездкі па рэгіёнах з прычыны распаўсюджвання каранавіруса.
17 сакавіка аб выхадзе з праймерыз абвясціў Аляксей Янукевіч. Асноўнай прычынай ён назваў разбурэнне адзінства паміж арганізацыямі, якія падпісалі пагадненне аб выбары адзінага кандыдата. З пагаднення выйшла і Партыя БНФ. З арганізацый-заснавальніц у пагадненні засталіся БСДП (Грамада), АГП, аргкамітэт БХД і рух „За Свабоду”.
У працэдуры праймерыз застаюцца тры прэтэндэнты: кіраўнік руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч, в.а. старшыні АГП Мікалай Казлоў і сустаршыня аргкамітэта БХД Вольга Кавалькова.
Інтэрнэт-галасаванне пачалося 27 сакавіка на сайце prezident21by.org.
Паездкі па рэгіёнах былі спыненыя 18 сакавіка на няпэўны тэрмін у сувязі з пагрозай распаўсюджвання каранавіруса.
Канчаткова кандыдатура адзінага кандыдата ад апазіцыі будзе вызначаная на Кангрэсе дэмакратычных сіл у канцы мая.
Прэзідэнцкія выбары павінны адбыцца не пазней за 30 жніўня 2020 года.
belapan.by