Рымашэўскі і Канапацкая сустрэліся з гарадзенцамі
Некалькі дзясяткаў гарадзенцаў прыйшлі на сустрэчу з дэпутаткай Палаты прадстаўнікоў Ганнай Канапацкай і сустаршынём БХД Віталём Рымашэўскім.
Пра складанасці, у якіх адбывалася сустрэча, распавядае Віталь Рымашэўскі:
– Я вельмі ўсцешаны, што сёння сустрэча адбылася, нягледзячы на тое, што некалькі разоў, некалькімі метадамі і некалькімі этапамі спрабавалі яе сарваць. Па-першае, нам учора раптоўна адмовілі ў памяшканні гатэля “Турыст”. Мы сёння там былі адмыслова, каб пераканацца, што ніякага рамонту там няма. Усё зразумела. Накіравана на тое, каб мы не дайшлі і каб не сустрэліся з жыхарамі горада. Многія людзі прыходзілі і казалі, што яны не могуць прыйсці на сустрэчу, мы іх каля “Турыста” сустракалі. Але ў зале было шмат новых людзей, якія прыйшлі са сваімі праблемамі, новых людзей, з якімі не працуе, на жаль, апазіцыя.
Ганна Канапацкая даведалася на сустрэчы, што адной з праблемаў гараденскага мікрараёну Альшанка з’яўляецца адсутнасць паліклінікі.
– Я не чараўнік, мне як раз патрэбная актыўнасць грамадзянаў, іх аб’яднанне для вырашэння гэтай праблемы. І я, карыстаючыся выпадкам, даведалася пра гэтую праблему. Я буду рашаць яе не адна, я буду рашаць у тым ліку з гарадзенскімі дэпутатамі, і ў тым ліку з тымі людзьмі, якіх хвалюе гэтая праблема. Сёння паўнамоцтвы дэпутата дазваляюць, асабліва калі буду не я адна, а яшчэ чатыры гарадзенскія, яшчэ хтосці, то можна дамагчыся, каб рэспубліканскі бюджэт выдзяліў грошы на будаўніцтва паліклінікі.
Падобныя сустрэчы па хвалюючых гарадзенцаў пытаннях будуць адбывацца ў Гародні штосуботу ў Цэнтры гарадскога жыцця.
Беларускае Радыё Рацыя