Рынкевічс сустрэўся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці (абноўлена)
Беларускі бок разлічвае на спрыянне Латвіі, якая ў першым паўгоддзі старшынюе ў ЕЗ, ва ўзаемадзеянні Беларусі з іншымі краінамі звязу, заявіў Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.
Менск разлічвае, што ў гэтым дапаможа і Рыжскі саміт „Усходняга партнёрства”, які мае адбыцца ў траўні. Неафіцыйна гаворцца пра ўдзел у ім Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі, які прымаў ў Менску лідараў „нармандскай чацвёркі”, можа у Рызе перастаць быць персонай нон грата.
На думку палітычнага аглядальніка Рамана Якаўлеўскага, ці Лукашэнка паедзе на саміт у Рыгу – справа не галоўная:
– На маю думку, у адрозненні ад украінскага варыянта – варыянта Януковіча, якога чакаў Еўрамайдан у Кіеве, як бы Пуцін у адказ на ўдзел Лукашэнкі ў сустрэчы ў Рызе не даслаў сюды свайго “Хірурга” – гэта мянушка лідара “Начных ваўкоў”, якіх тут дарэчы чакаюць на 70-годдзе Перамогі 9 траўня.
Саміт „Усходняга партнёрства” адбудзецца 21-22 траўня ў Рызе. Ранейшыя тры саміты праходзілі ў Празе, Варшаве і Вільні. На ніводным з іх не прысутнічаў Аляксандр Лукашэнка. На рыскі саміт кіраўнік Беларусі можа трапіць, паколькі латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме „на як магчыма высокім роўні”.
* * *
З двухдзённым візітам Менск наведаў кіраўнік латвійскай дыпламатыі Эдгарс Рынкевічс. Ён сустрэўся з беларускімі праваабаронцамі і прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Сустрэчы адбыліся таксама з міністрам замежных справаў Беларусі Уладзімірам Макеем і кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам.
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі звяртае ўвагу, што гэта візіт кіраўніка дыпламатыі краіны, якая стршынюе ў ЕЗ у гэтым паўгоддзі, і з гэтым перш за ўсё звязаны візіт.
– Трэба адзначыць, што спадар Эдгарс Рынкевічс не першы раз наведаў Беларусь. Ён ужо як міністр тут быў, сустракаўся з тым жа Макеем у Віцебску. Яны тады абмяркоўвалі галоўнае пытанне – памежны рух. Дарэчы, нібыта толькі з Латвіяй у нас няма праблем з памежным рухам. Бо з Літвой і Польшчай да гэтага часу гэтая дамоўленасць не працуе. А з Латвіяй працуе.
Летась пачаліся перамовы паміж Менскам і Бруселем пра спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзянаў Беларусі і рэадмісіі нелегальных уцекачоў, што трапляюць у ЕЗ праз Беларусь. Чакаецца, што ў час Рыжскага саміту Усходняга партнёрства ў траўні будзе падпісанае адпаведнае пагадненне, якое знізіць кошт шэнгенскіх візаў для грамадзянаў Беларусі да 35 еўра, а з часам адкрые дарогу для адмены візавага рэжыму па прыкладзе Малдовы.
* * *
Міністр замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс падчас візіту ў Беларусь сустрэўся з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, у тым ліку старшыня закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі.
Пытанне палітвязняў – адна з тэмаў менскіх сустрэч міністра замежных спраў Латвіі. Цягам двухдзённага візіту Эдгарс Рынкевічс сустрэўся з беларускім калегам Уладзімірам Макеем і прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі.
Удзельнік сустрэчы старшыня праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі кажа, што паводле латвійскага дыпламата, пытанне вызвалення палітвязняў не знікае з парадку дня еўрапейска-беларускіх адносінаў:
– Беларускія ўлады гатовыя слухаць гэтае пытанне, гатовы прынамсі не выказваць сваёй катэгарычнай нязгоды. Мяне асабіста насцярожвае тое, што ў гэтым спісе палітычных зняволеных, пра які гаворыць Еўразвяз, фігуруе на сённяшні дзень тры асобы з тых шасці, якіх вызначылі беларускія праваабаронцы, пра якіх мы гаворым ужо даволі доўга і дастаткова абгрунтавана.
Міністр замежных спраў Латвіі канкрэтна не згадаў прозвішчы трох палітвязняў, пра якія гаварыў у часе перамоваў з Уладзімірам Макеем. Алесь Бяляцкі мяркуе, што гэта Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч і Мікалай Дзядок. Беларускія праваабаронцы да палітвязняў адносяць таксама Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку і Юрыя Рубцова.
Алесь Бяляцкі звярнуў увагу, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі „стабільна дрэнная”:
– У краіне шэсць палітвязняў (ЕС называе палітвязнямі трох чалавек.). Асаблівую трывогу выклікае становішча Мікалая Дзядка, над якім у калоніі 25 лютага адбудзецца чарговы суд, а таксама Юрыя Рубцова, якому пагражае перавод з „хіміі” ў калонію. Прычым колькасць палітычных зняволеных можа імкліва павялічыцца, бо ўлады не збіраюцца дэмакратызаваць грамадска-палітычную сітуацыю ў краіне і ўсе рэпрэсіўныя інструменты застаюцца, – прыводзіць “Вясна” словы праваабаронцы.
Алесь Бяляцкі адзначыў, што працягваецца пераслед палітычных актывістаў з дапамогай пакаранняў за надуманыя адміністрацыйныя парушэнні. Бяляцкі заклікаў Еўразвяз, у якім у першым паўгоддзі старшынюе Латвія, не ісці па шляху „азербайджанізацыі” Беларусі, Гэта значыць не пагаджацца з масавымі і ўсеабдымнымі парушэннямі правоў чалавека, не зніжаць планку патрабаванняў да ўладаў у галіне захавання правоў чалавека.
* * *
Сустрэча была запланаваная ў рамках двухдзённага афіцыйнага візіту Эдгарса Рынкевічса.
„Мы традыцыйна будзем гаварыць аб праблемах палітвязняў і правоў чалавека ў Беларусі, і спадзяемся, што кіраўнік латвійскай дыпламатыі гэтыя тэмы закране таксама і сёння ў часе сустрэчы з Уладзімірам Макеем”, – кажа адзін з удзельнікаў заўтрашняй сустрэчы старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна” Алесь Бяляцкі.
– Думаю, што яна будзе ўздымацца, інакш бы гэтай сустрэчы не было б – з праваабаронцамі, з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці. Іншая справа – ці будзе яно вырашана. Вось гэта іншая справа. Таму мы таксама хочам пачуць, што нам скажа міністр.
Латвія ў гэтым паўгоддзі старшынюе ў Еўразвязе. У траўні ў Рызе мае прайсці саміт Усходняга партнёрства.
* * *
Кіраўнік дыпламатыі Латвіі, якая зараз старшынюе ў Еўразвязе, наведвае Менск. Эдгарс Рынкевічс сёння сустракаецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. У часе сустрэчы запланавана абмеркаваць пытанні беларуска-латвійскага эканамічнага супрацоўніцтва, – паведамляе беларускае Міністэрства замежных спраў. Адным з пытанняў можа быць запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі на рыжскі саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе ў траўні.
„Спадзяюся, што падыходы да пытання правоў і свабодаў у Беларусі ў Еўропы не змяніліся”, – кажа старшыня праваабарончага цэнтру „Вясна”, былы палітвязень Алесь Бяляцкі:
– Ёсць усё ж такі пэўныя прынцыпы. Мне здаецца, што Еўрапейскі звяз мусіць вымяраць свае стасункі з суседнімі краінамі не так, як гэта рабілася раней. А праз прызму захавання правоў чалавека і развіцця дэмакратыі ў гэтых краінах, у прыватнасці ў Беларусі. Улічваючы, што ніякіх зменаў тут не адбываецца, то і гаварыць пра нейкія сур’ёзныя саступкі, мне падаецца, няма пакуль што сэнсу.
Кіраўнік беларускай дыпламатыі Уладзімір Макей тыдзень таму ў інтэрвью беларускаму дзяржаўнаму тэлеканалу выказаў спадзяванне, што Беларусь будзе „на роўных прадстаўленая на саміце Усходняга партнёрства ў Рызе”. Дагэтуль у самітах Усходняга партнёрства усе краіны апрача Беларусі прадстаўлялі прэзідэнты.
Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя