Рышард Чарнэцкі: Мы хочам крок па кроку адклейваць Беларусь ад Расеі (абноўлена)



У Бруселі завяршае сваю працу каардынацыйная група Беларусь – Еўразвяз. Гэта новы фармат структураванага комплекснага дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам які засяроджаны на супрацоўніцтве з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску.

Сустаршыня Еўрапейскага парламенту ад кансерватараў Рышард Чарнэцкі адзначае, што ранейшая палітыка ізаляцыі афіцыйнага Менску не прынесла поспехаў:

— Мы ўсё цяпер чакаем на плён у Беларусі. Ужо цяпер вельмі важна, каб Менск паступова быў штораз бліжэй да заходняга свету, а не Масквы. Мы хочам крок па кроку адклейваць Беларусь ад сувязяў з Расейскай Федэрацыяй. Мяркую, што для самога Менска, не толькі для ўлады, але і для беларускага народу гэта галоўнае. І такая палітыка, палітыка пэўнай раўнавагі — карысная.     

«Кожная сустрэча , якая прыбліжае Беларусь да Еўропы, ёсць важнай і патрэбнай,» – сказала, каментуючы новы этап у беларуска-еўрапейскіх дачыненнях сустаршыня рабочай групы па справах Беларусі ў «Еўранэсце» Агнешка Казлоўска-Раевіч. Стартаваў новы фармат структураванага комплексу дыялогу паміж Беларуссю і Еўрапейскім звязам.

– Мяркую, што гэта этап пацяплення ў стасунках ЕЗ і Беларусі. І гэтае шырэйшае адкрыццё тычыцца не толькі сферы ўрада, але і беларускага грамадства. Гэта два каналы камунікацыі, якія не выключаюць адзін аднаго. І я спадзяюся, што наступіць момант, калі ўдзельнікі ўсіх гэтых сустрэч змогуць сесці за адзін стол. Вельмі хочацца верыць у гэта.

Менск і Брусель пачалі новы этап дыялогу па тэмах гандлю, энергетыкі, мытных спраў, а таксама правоў чалавека.

Праверкай для афіцыйнага Менску ў пацяпленні  стасункаў з Бруселем стануць парламенцкія выбары – лічыць сустаршыня рабочай групы па справах Беларусі ў „Еўранэсьце” Агнешка Казлоўска-Раевіч.   Чакаем прадстаўнікоў беларускага Парламенту  ў „Еўранэсце”, але гэта стане магчымым, калі выбары будуць прызнаныя міжнароднай супольнасьцю:

– Калі выбары пройдуць у лепшай атмасферы, чым гэта было раней, то пацяпленне стасункаў, якое мы наглядаем цягам некалькіх апошніх месяцаў, магло б змяніць адносіны ў лепшы бок. Гэта было б вельмі пажадана.

Філосаф і грамадскі актывіст Уладзімір Мацеквіч адзначае, што ўлады не зрабілі ніводнага кроку насустрач  рэкамендацыям  міжнароднай супольнасьці ў справе выбарчага заканадаўстава:

– Нават калі лаяльных людзей, тых, якія калісьці былі ў апазіцыі, дапусцяць у гэты парламент, то гэта будуць не абраныя дэпутаты, а прызначаныя. Ці дасць гэта магчымасць прызнаць гэты парламент і ўключыць яго ў „Еўранест”? Калі не будуць празрыстымі выбары, калі яны не будуць сапраўднымі, то і прызнаваць гэты прызначаны парламент ніякіх падставаў няма.

Афіцыйны Менск і Брусель пачалі працаваць ў новым фармаце. Створана каардынацыйная група Беларусь — Еўрапейскі Звяз, якая мае намер сустракацца 2 разы ў год.

Беларускую дэлегацыю на гэтых перамовах узначальвала намесніца міністра замежных спраў Алена Купчына, дэлегацыю Еўразвязу ачольвала намесніца генеральнага сакратара Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Хэльга Шміт.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя