Са Скандынавіі ў Гародню па трансгранічным веламаршруце



Турысты са Скандынавіі змогуць дабрацца ў Гарадзенскую вобласць па трансгранічным веламаршруце. Пра гэта на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Швецыі Марцінам Обэргэ паведаміў старшыня Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

17b003a0de8f68b5ac5487cc3d27c6e1

„Шведскія велатурысты неўзабаве атрымаюць выдатную магчымасць наведваць парк „Аўгустоўскі канал” і Гародню без віз праз пункт пропуску „Лясная-Рудаўка”. Мы актыўна працуем па развіцці маршрутаў для веласіпедыстаў і спадарожнай інфраструктуры ў парку, ўключэнню іх у сетку еўрапейскіх веламаршрутаў, у ліку якіх Green Velo, які злучае Балтыку і Закарпацце, і маршрут R11 Грэцыя-Скандынавія. З пачаткам бязвізавага ўезду ў парк гэта добрая магчымасць наведаць Беларусь для шведскіх турыстаў „, – сказаў Краўцоў.

Ён прапанаваў амбасадару пры наступным візіце апрабаваць участак трансгранічнага веламаршруту. У сваю чаргу Марцін Обэргэ адзначыў перспектыўнасць ініцыятывы. „Велатурызм тут выглядае прывабным, ён выдатна сумяшчаецца з агра- і экатурызмам. Мне спадабаўся канал і такія перспектывы яго развіцця”, – адзначыў пасол, які пачаў чатырохдзённы візіт у Гарадзенскую вобласць менавіта з наведвання Аўгустоўскага канала.

Дыпламат выказаў упэўненасць у больш актыўным абмене турыстамі і паглыбленні дзелавога супрацоўніцтва паміж краінамі, якія знаходзяцца адзін ад аднаго менш як у 1,5 гадзіны лёта.

На сустрэчы ў аблвыканкаме таксама гучалі прапановы па развіцці бізнес-кантактаў, узаемадзеянні ў адукацыі, культуры, спорце. Падкрэслівалася, што ў Гародні створана добрая база для развіцця IT-тэхналогій, у снежні адбудзецца адкрыццё філіяла Парку высокіх тэхналогій. Швецыя зацікаўлена ў наладжванні партнёрскіх адносін у гэтай сферы.

Фота grodnonews.by