Са Змітра Дашкевіча знялі прэвентыўны нагляд (абноўлена)



З былога палітвязня і лідара Маладога Фронту Змітра Дашкевіча зняты прэвентыўны нагляд. Па яго словах, у тым, што нагляд здымуць, ён не быў упэўнены. Хоць юрыдычна нагляд скончыўся яшчэ 4 верасня. Але была верагоднасць, што новы суд яго працягне, як гэта здарылася 3 месяцы таму.

– Ілюзіяў я шмат не меў, знялі ну і добра, радасна, што можна выйсці пагуляць, куды-небудзь схадзіць з сям’ёй разам. Напэўна тут палітычнае рашэнне, таму што калі мяне мінулы раз запэўнівалі ў аддзяленні міліцыі, што здымуць, то бок яны самі там збіраліся здымаць, але там перайгралі і суддзі далі ўстаноўку зусім іншую.

Зміцер Дашкевіч лічыць, што зняццё прэвентыўнага нагляду з яго ўпісваецца ў агульную тэндэнцыю. Амаль з усіх, хто быў асуджаны за ўдзел у Плошчы 2010 года такі нагляд знялі. Да таго ж улады ўпэўнены ў сваіх сілах напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і ў апазіцыі зараз не бачаць пагрозы, – лічыць Дашкевіч.

* * *

Беларускія ўлады паступова адмовіліся ад практыкі прэвентыўнага нагляду за былымі палітзняволенымі, – лічыць прадстаўнік праваабарончага цэнтру „Вясна”Наста Лойка. Пасля таго, як такі нагляд быў адменены ў дачыненні аднаго з кіраўнікоў Маладога Фронту Змітра Дашкевіча, пад гэтай формай кантролю і ціску застаецца толькі кіраўнік нефармальнага аб’яднання „Zмена” Павел Вінаградаў, – нагадвае Наста Лойка.

– Бліжэйшым часам гэты тэрмін і ў Паўла таксама скончыцца, і будзем глядзець, ці будуць працягваць, ці не. Было відавочна, што ў нейкі момант уладам было вельмі важна кантраляваць актывістаў, а зараз зразумелі, што гэта не асабліва працуе, не асабліва дапамагае. І вось вырашылі, напэўна, што гэта дастаткова фармальна, і таму, мне падаецца, што тут рашэнне можа быць звязана нават больш з тым, што самім супрацоўнікам міліцыі не вельмі зручна выконваць нагляд за гэтымі людзьмі.

Па словах Насты Лойкі, зняццё прэвентыўнага нагляду з былых палітзняволеных не сведчыць аб змякчэнні ціску на апазіцыю. Хаця, з аднаго боку, улады не зацікаўленыя ў павелічэнні колькасці палітычных зняволеных. Але з іншага – працягваюцца адвольная затрыманні. Улады ў чымсці стараюцца не перагібаць, а ў чымсці працягваюць сваю рэпрэсіўную практыку, – лічыць Наста Лойка.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя