Саакашвілі не выракаецца ранейшай падтрымкі Лукашэнкі



Міхаіл Саакашвілі сустрэўся з украінцамі ў Варшаве. Былы прэзідэнт Грузіі і былы кіраўнік Адэскай вобласці прыляцеў з ЗША ў Польшчу ўжо пасля таго, як Пётр Парашэнка пазбавіў яго ўкраінскага грамадзянства. На спатканні з украінскай дыяспарай Міхаіл Саакашвілі зазначыў магчымую небяспеку вучэнняў «Захад-2017».

На пытанне нашага карэспандэнта: чаму грузінскі прэзідэнт быў галоўным «адвакатам» Лукашэнкі ў Еўропе, Саакашвілі адказаў наступнае:

Я заўсёды быў адвакатам Беларусі. Я лічыў, што незалежнасць Беларусі — найвышэйшая каштоўнасць, бо, калі не будзе Беларусі як незалежнай дзяржавы, дык пра што ўвогуле размаўляць? І гэтая пагроза не знікла. Вядома, я за свабоду беларускага народа, я ўпэўнены, што ў дэмакратычнай будучыні Беларусі ўвогуле няма ніякай альтэрнатывы, бо беларусы — адзін з найбольш прасунутых народаў у свеце. Але з іншага боку, трэба змагацца за незалежнасць, ахоўваць незалежнасць і ўлічваць усе фактары.

РР: Спадар прэзідэнт, а вы не звязваеце пагрозы незалежнасці з Лукашэнкам?

Я думаю, што на дадзены момант Пуцін, з Лукашэнкам ці без яго, хоча прыхапіць сабе Беларусь і мы не павінны даваць яму такой магчымасці.

На думку Міхаіла Саакашвілі пасля манеўраў «Захад-2017» частка расейскіх войскаў можа застацца на тэрыторыі Беларусі. Армейскія падраздзяленні могуць быць выкарыстаны як для дзеянняў супраць Украіны, гэтак і для акупацыі Беларусі, зазначыў палітык.

Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя