СААЗ: Сітуацыя ў Беларусі выклікае заклапочанасць
У канчатковай справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па выніках наведвання Беларусі місіяй СААЗ 7—11 красавіка ўладам рэкамендавана прыняць агульнанацыянальныя меры па ўзмацненні фізічнага дыстанцыявання ва ўмовах распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19.
Справаздача з рэкамендацыямі апублікаваная на сайце СААЗ.
У ёй адзначаецца, што Беларусь увайшла ў новы этап эвалюцыі пандэміі COVID-19 з перадачай інфекцыі сярод насельніцтва, што асабліва прыкметна ў асобных частках краіны, уключаючы Менск, Віцебск і Віцебскую вобласць. „Сітуацыя выклікае заклапочанасць і патрабуе неадкладнай рэалізацыі ўсёабдымнай змяшанай стратэгіі”, — падкрэсліваюць эксперты СААЗ.
СААЗ лічыць неабходным:
перанесці ўсе масавыя мерапрыемствы;
забяспечыць ізаляцыю пацыентаў з COVID-19 і іх кантактаў з пацверджаным каранавірусам;
укараніць фарматы аддаленай працы і дыстанцыйнага навучання, прыпыніць дзейнасць усіх другарадных арганізацый, прадпрыемстваў і эканамічных суб’ектаў;
забяспечыць строгае выкананне мер прафілактыкі і інфекцыйнага кантролю на працоўных месцах, дзе аддаленая праца немагчымая, уключаючы гігіену рук, рэспіраторны этыкет і фізічнае дыстанцыяванне з захаваннем бяспечнай адлегласці ў 1—1,5 метра, забяспечыць належную вентыляцыю (асабліва ў медустановах), адлегласць паміж работнікамі, абмежаваць колькасць нарад і сустрэч, неабавязковых перамяшчэнняў, асабліва — для груп высокай рызыкі і ўразлівых пацыентаў.
Такія меры, гаворыцца ў справаздачы, „запавольваюць распаўсюджванне віруса і дазваляюць медыцынскім службам выйграць час, неабходны для адэкватнай падрыхтоўкі, абсталявання і пераацэнкі патрэб работнікаў аховы здароўя і ўстаноў у адказ на рост колькасці пацыентаў з COVID-19”.
Акрамя таго, СААЗ рэкамендуе перагледзець стратэгіі вядзення выпадкаў захворвання, „уключыўшы ў іх далейшае перапрафіляванне мясцовых аб’ектаў для арганізацыі ізаляцыі і/або хатнюю самаізаляцыю лёгкіх выпадкаў COVID-19 і кантактаў з належным наступным наглядам у адпаведнасці з рэкамендацыямі СААЗ і нацыянальнымі магчымасцямі”.
Пратаколы першаснага скрынінга, сартавання і накіравання на абследаванне і лячэнне павінны быць цалкам укаранёныя ва ўсіх установах аказання медпаслуг, уключаючы бальніцы раённага ўзроўню, паліклінікі, стаматалагічныя клінікі і прыватныя медыцынскія ўстановы, адзначаецца ў справаздачы.
Меры прафілактыкі інфекцый і інфекцыйнага кантролю трэба ўзмацніць і пашырыць, каб яны ахоплівалі першасную і надомную дапамогу з пашырэннем навучання для новапрыцягнутага персаналу і бесперапынным павышэннем кваліфікацыі для ўсіх катэгорый медработнікаў. Неабходна гарантаваць наяўнасць сродкаў індывідуальнай абароны мясцовай вытворчасці.
СААЗ адзначае, што гэты змяшаны падыход „павінен дапаўняць падтрыманне і ўмацаванне ўжо прынятых у краіне мер рэагавання — такіх як павелічэнне колькасці лабараторый, забеспячэнне якасці тэст-сістэм мясцовай вытворчасці, абследаванне пры ўездзе, тэставанне на COVID-19 і 14-дзённая ізаляцыя для асоб, якія прыбываюць у краіну.
„Цяпер медыкаментознае лячэнне COVID-19 з даказанай эфектыўнасцю адсутнічае, таму ўсе фармацэўтычныя ўмяшанні, уключаючы супрацьвірусныя прэпараты, павінны праводзіцца ў кантэксце клінічнага выпрабавання”, — адзначаюць у СААЗ.
Арганізацыя запрашае Беларусь прыняць удзел у міжнародным даследаванні „Салідарнасць”, мэта якога — атрыманне дакладных дадзеных, неабходных для вызначэння найбольш эфектыўных метадаў лячэння, а таксама прыняць метадалогію адпаведнага стандартызаванага збору дадзеных аб характарыстыках захворвання.
СААЗ таксама лічыць вельмі важным, каб усе ўзроўні ўлады Беларусі „забяспечвалі разуменне шырокай грамадскасцю і мясцовымі супольнасцямі рызык і мер, якія прымаюцца падчас пандэміі”. „Рэгулярнае і ўсебаковае інфармаванне грамадскасці аб развіцці сітуацыі з COVID-19 у Беларусі, уключаючы звесткі аб рэгіёнах, мае жыццёва важнае значэнне для павышэння ўзроўню разумення наяўнай эпідэміялагічнай сітуацыі, а таксама для тлумачэння прычын прыняцця пэўных агульнанацыянальных захадаў, такіх як перанос публічных мерапрыемстваў або абмежаванне перамяшчэння”, — гаворыцца ў справаздачы.
СААЗ пацвердзіла сваю падтрымку Беларусі і гатоўнасць і надалей „аказваць садзейнічанне ў падтрыманні і ўзмацненні цяперашніх мер у адказ, а таксама ў аказанні дапамогі для распрацоўкі і рэалізацыі наступнага этапу мерапрыемстваў па супрацьдзеянні пандэміі”.
Паводле апошніх звестак Міністэрства аховы здароўя, да 28 красавіка колькасць інфікаваных COVID-19 у Беларусі дасягнула 12.208, 79 чалавек памерлі. За апошнія суткі агульная колькасць пацверджаных выпадкаў каранавіруснай інфекцыі павялічылася на 919, што стала новым рэкордам сутачнага росту захворвання.