СААЗ занепакоеная сітуацыяй з распаўсюджваннем каронавіруса ў Беларусі



Сусветная арганізацыя аховы здароўя занепакоеная сітуацыяй з распаўсюджваннем каронавіруса ў шэрагу еўрапейскіх краін, уключаючы Беларусь. Пра гэта, як паведамляе Associated press, заявіў 16 красавіка дырэктар Еўрапейскага рэгіянальнага бюро СААЗ Ханс Клюге падчас анлайн-брыфінгу.

Паводле яго слоў, аптымістычныя сігналы ў плане зніжэння колькасці хворых паступаюць з Францыі, Германіі, Італіі, Іспаніі і Швейцарыі. „Але гэтыя невялікія сігналы з некаторых краін стрымліваюцца стабільнай колькасцю або павелічэннем новых выпадкаў у іншых краінах, уключаючы Вялікабрытанію, Турцыю, Украіну, Беларусь і Расійскую Федэрацыю”, — сказаў Клюге.

Ён паведаміў, што колькасць інфікаваных у свеце перавысіла два мільёны чалавек, а за апошнія 10 дзён колькасць заражаных ў Еўропе падвоілася і наблізілася да мільёна.

Прадстаўнік СААЗ падзякаваў усім, хто выконваў уведзеныя абмежаванні і правілы падчас святкавання каталіцкага Вялікадня і заклікаў дзейнічаць гэтак жа ў найбліжэйшыя выхадныя, калі будзе адзначацца праваслаўны Вялікдзень.

Ён падкрэсліў, што наступныя некалькі тыдняў будуць крытычна важнымі для Еўропы. „Навальнічныя хмары гэтай пандэміі па-ранейшаму навісаюць над еўрапейскім рэгіёнам, — сказаў прадстаўнік СААЗ. — У той час як у некаторых краінах колькасць новых выяўленых выпадкаў заражэння COVID-19 зніжаецца, некаторыя краіны яшчэ ў поўнай меры адчуюць уздзеянне віруса”.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, на раніцу 16 красавіка ў Беларусі праведзена 81,2 тысячы тэстаў на каранавірус, у тэставанні задзейнічана 24 лабараторыі. Колькасць пацверджаных выпадкаў COVID-19 у краіне дасягнула 4.204, памерла 40 чалавек.

belapan.by

Фото: flickr.com/who_europe