Сабраны грошы на штраф асуджаным за шалікі з «Пагоняй» заўзятарам
Футбольныя заўзятары сабралі сродкі для выплаты штрафаў затрыманым 12 кастрычніка ў Барысаве на матчы Беларусь – Македонія.
Патрэбная сума (5,4 мильёна рублёў) была сабраная ўжо на наступны дзень пасля судовых пастаноў – усяго больш за 200 грашовых пераводаў, адзначае заўзятарскі рэсурс belultras.by.
«Спадзяемся, што з бюджэту гэтыя грошы пойдуць на добрыя справы, а не на заробак ілжывым і бессаромным», – гаворыцца ў паведамленні.
Трое заўзятараў былі затрыманыя і дастаўленыя ў Барысаўскі РАУС за шалікі з гербам «Пагоня». Сілавікі сцвярджаюць, што прычынай сталі нецэнзурная лаянка і непадпарадкаванне законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі. Самі заўзятары заявілі, што да іх прычапіліся праз шалікі з гістарычным гербам «Пагоня». Суд аштрафаваў кожнага на 10 базавых велічынь (1,8 мильёна рублёў).
Сярод затрыманых – заўзятар з Гародні з 30-гадовым стажам Віталь Будзько (за яго публічна заступіўся ФК «Нёман») і актывіст Дзмітры Хведарук.