Сафію Сапегу на два месяцы адправілі ў СІЗА КДБ



Расіянку Сафію Сапегу, затрыманую ў Менску разам з сузаснавальнікам Nexta Раманам Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair, арыштавалі на два месяцы. Пра гэта Бі-бі-сі паведаміў яе адвакат Аляксандр Філановіч.

„Сёння быў допыт Сафіі. Ёй прад’яўленае падазрэнне ў здзяйсненні злачынстваў. Абраная мера стрымання – утрыманне пад вартай на тэрмін два месяцы”, – распавёў ён.

Паводле яго слоў, цяпер Сапега знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску. Стан Сафіі нармальны, сказаў Філановіч. Ён спадзяецца, што ў сераду яму ўдасца яе наведаць.

У чым менавіта падазраюць Сапегу, Філановіч з-за падпіскі пра неразгалошванне адказаць не змог.

На паказаным у эфіры дзяржаўнага тэлеканала СТВ відэа Сапега кажа, што з’яўляецца рэдактарам телеграм-канала „Чорная кніга Беларусі”, які публікуе асабістыя дадзеныя сілавікоў. Гэты канал прылічаны ў Беларусі да экстрэмісцкіх.

„Прадстаўнік пасольства РФ сустрэўся з грамадзянкай Расеі – з Сафіяй Сапегай”, – распавёў у аўторак супрацоўнік дыпмісіі. Паводле даных пасольства, Сапега не выказвала скаргаў на некарэктнае абыходжанне. 

Фота: Reuters