Сайдзік: Аб прагрэсе абмену палоннымі на Данбасе казаць пакуль рана



Аб прагрэсе ў працэсе абмену палоннымі на Данбасе гаварыць пакуль рана, заявіў журналістам спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік 17 студзеня ў Менску па выніках першага ў гэтым годзе раўнда перамоваў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны.

„Я не магу вам пра гэта казаць, на жаль. Хаця хацелася б”, — сказаў дыпламат, адказваючы на пытанне БелаПАН.

Паводле яго слоў, пытанне абмену асобамі, якія ўтрымліваюцца, 17 студзеня зноў было асноўным на сустрэчы падгрупы па гуманітарных пытаннях.

Прадстаўнік АБСЕ таксама паведаміў, што на сустрэчы падгрупы па эканоміцы бакі значна прасунуліся ў абмеркаванні пытання аднаўлення водазабеспячэння рэгіёна. „Бакі дамовіліся правесці ў супрацоўніцтве з міжнародным камітэтам Чырвонага Крыжа аўдыт кампаніі „Вада Данбаса”. Гэта асноўная перадумова, каб рабіць капукладанні, паколькі кампанія працуе з абедзвюх ліній сутыкнення”, — удакладніў Сайдзік.

Прадстаўнік АБСЕ паведаміў, што каардынатар падгрупы па эканоміцы П`ер Фішэр завяршыў сваю працу. У сувязі з гэтым Сайдзік падзякаваў яму за ўклад у вырашэнне жыццёва важных пытанняў для насельніцтва. Яго на гэтай пасадзе зменіць былы пасол Германіі ў Расеі Ульрых Брандэнбург.

Падгрупа па палітычных пытаннях у чарговы раз абмеркавала імплементацыю так званай формулы Штайнмаера, амністыі і мадальнасці мясцовых выбараў.

Наступнае пасяджэнне кантактнай групы пройдзе ў Менску 30 студзеня.

belapan.by