Сайдзік: Напружанасць у зоне канфлікту на Данбасе не змяншаецца
Напружанасць у зоне канфлікту на Данбасе і вакол яе не памяншаецца, заявіў спецпрадстаўнік АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Марцін Сайдзік на брыфінгу па выніках праведзенага 4 снежня ў Менску чарговага раўнда перамоваў.
„Нягледзячы на высілкі трохбаковай кантактнай групы і запэўніванні бакоў, напружанасць у зоне канфлікту і вакол яе, на жаль, не памяншаецца, — сказаў Сайдзік. — Ствараецца ўражанне, што бакі замест таго, каб шукаць шляхі мірнага вырашэння канфлікту, на самай справе рухаюцца ў процілеглым кірунку. Я глыбока заклапочаны такой сітуацыяй і ў чарговы раз звяртаюся да бакоў з настойлівым заклікам зрабіць усё неабходнае, каб не дапусціць эскалацыі напружанасці”.
Такую заяву спецпрадстаўнік АБСЕ зрабіў у тым ліку ў сувязі з узброеным інцыдэнтам паміж Расеяй і Украінай, які адбыўся 25 лістапада ў Керчанскім праліве. Як паведамляў прэс-цэнтр Ваенна-марскіх сіл Украіны, расійскія памежныя караблі з ужываннем зброі захапілі тры ўкраінскія судны, якія ішлі з Адэсы ў Марыупаль, параніўшы шасцярых ваеннаслужачых. У палон трапіла больш за дваццаць чалавек. Пасля інцыдэнту ў некаторых абласцях Украіны, у тым ліку сумежных з Расіяй і Беларуссю, было ўведзенае ваеннае становішча.
Сайдзік паведаміў, што члены рабочай падгрупы па бяспецы працягнулі разгляд дадатковых мер па забеспячэнні рэжыму спынення агню і падрыхтоўкі да перамір’я ў сувязі з навагоднімі і каляднымі святамі.
У эканамічнай падгрупе абмяркоўваліся тэмы водазабеспячэння ў сістэмах „Карбон” і „Вада Данбаса” і выплаты пенсій.
Гуманітарная рабочая падгрупа працягнула разглядаць пытанні, звязаныя з абменам палоннымі. Таксама абмяркоўвалася падрыхтоўка да прадугледжанай перадачы затрыманых, не звязаных з канфліктам, з асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласцей на падкантрольную ўкраінскаму ўраду тэрыторыю.
Палітычная рабочая падгрупа працягнула абмен думкамі па пытаннях імплементацыі „формулы Штайнмаера”, амністыі і мадальнасці выбараў у АРДЛА, прадугледжаных Мінскімі пагадненнямі.
Наступная сустрэча ТКГ — апошняя ў гэтым годзе — адбудзецца 19 снежня. Далей будзе чатырохтыднёвы перапынак, перамовы адновяцца ў сярэдзіне студзеня 2019 года.
Віцэ-спікер Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка напісала на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”, што прадстаўнік Украіны ў ТКГ Яўген Марчук на сустрэчы ад імя дзяржавы выказаў „рашучы пратэст супраць адкрытай узброенай агрэсіі РФ у Азоўскім моры”. Украінскія дэлегаты заклікалі спецыяльную маніторынгавую місію АБСЕ неадкладна пачаць маніторынг акваторыі мора і прылеглых да яго тэрыторый, якія „паводле Мінскіх пагадненняў павінны быць вольныя ад цяжкага ўзбраення і тэхнікі”.
Акрамя гэтага, яна запатрабавала неадкладнага і безумоўнага вызвалення 24 маракоў, якія былі арыштаваныя пасля інцыдэнту ў Керчанскім праліве.
Герашчанка адзначыла, што падчас выступу Марчука прадстаўнік Расіі ў кантактнай групе Барыс Грызлоў пакінуў залу перамоў.
„На гуманітарнай групе пасля шматмесячных дэбатаў узгаднілі дату і месца перамяшчэння асуджаных, не звязаных з канфліктам. Гэтыя людзі ўчынілі злачынства, але яны таксама грамадзяне Украіны і маюць права адбываць пакаранне на тэрыторыі, кантраляванай украінскай уладай”, — напісала віцэ-спікер парламента. Паводле яе слоў, была дасягнутая дамоўленасць гэтымі днямі перамясціць больш за 60 асуджаных з тысячы тых, хто знаходзіцца ў турмах на тэрыторыі, падкантрольнай так званым ДНР і ЛНР.
Яна таксама паведаміла, што Украіна настойвае на стварэнні ў межах ТКГ падгрупы па ўкраінска-расійскай мяжы.
Фота ukrinform.ru