Сайдзік: Ужо адноўленыя аб’екты інфраструктуры ў Данбасе руйнуюцца
„Ужо адноўленыя аб’екты інфраструктуры ў зоне канфлікту ў Данбасе руйнуюцца”, – заявіў журналістам паводле вынікаў чарговага раўнда перамоў 11 сакавіка ў Менску спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ ў трохбаковай кантактнай групе па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны Марцін Сайдзік.
„Аднаўленчыя работы натрапляюць на цяжкасці, звязаныя з парушэннем рэжыму спынення агню, прыпыненнем работ па размініраванні і ўстаноўкай новых мін. На жаль, руйнуюцца і ўжо адноўленыя аб’екты інфраструктуры”, – адзначыў дыпламат.
Іншым фактарам, які адмоўна ўплывае на сацыяльнае і эканамічнае становішча рэгіёнаў у зоне канфлікту, Сайдзік назваў усталяванне пошлін на вываз вугалю і спыненне існавання адзінай структуры кіравання чыгункай.
Паводле яго слоў, падгрупа кантактнай групы па эканамічных пытаннях таксама абмеркавала пытанні аднаўлення аб`ектаў водазабеспячэння і аховы навакольнага асяроддзя. „Асабліва варта адзначыць намаганні бакоў па дасягненні пагаднення аб аплаце за водазабеспячэнне, а таксама па аднаўленні лініі электраперадачы”, – сказаў прадстаўнік АБСЕ.
Сайдзік паведаміў, што ў працоўнай групе па бяспецы абмяркоўвалася сітуацыя ў зоне канфлікту ў працэсе рэалізацыі пагадненняў, падпісаных у Менску 2 сакавіка.
Удзельнікі падгрупы па палітычных пытаннях працягнулі абмеркаванне мясцовых выбараў на Данбасе, адзначыў дыпламат.