Саміт без Пуціна



Лідары краін — членаў Еўразвязу не змаглі дамовіцца аб правядзенні саміту з удзелам прэзідэнта Расеі Уладзімірам Пуціным.

Зладзіць такую сустрэчу прапанавалі канцлер Нямеччыны Ангела Меркель і прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон.

Паводле інфармацыі Bloomberg, каля тузіну краін ЕЗ выступілі супраць саміту з Пуціным, раскрытыкаваўшы альбо саму ідэю падобнай сустрэчы, альбо тое, што яна была вылучана ў апошні момант перад самітам лідараў ЕЗ. Сярод тых, хто выступіў супраць, былі кіраўнікі Румыніі, Эстоніі, Латвіі і Нідэрландаў.

Прэзідэнт Румыніі Клаус Ёханіс выказаў меркаванне, што абмяркоўваць саміт з Расеяй яшчэ рана. Прэм’ер-міністр Эстоніі Кая Калас сказала, што была здзіўленая, наогул убачыўшы гэтае пытанне ў парадку дня. Прэм’ер Латвіі Артурс Крыш’яніс Карыньш заявіў, што «Крэмль не разумее саступак, Крэмль разумее палітыку сілы».

Нагадаем, што саміты Расея – ЕЗ рэгулярна праводзіліся з 1995 года. Яны спыніліся пасля анексіі Крыма Расеяй у 2014 годзе.

Беларускае Радыё Рацыя