Саміт ЕАЭС у Санкт-Пецярбургу



Аляксандр Лукашэнка прымае ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое праходзіць 6 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, месцам правядзення саміту абраная Прэзідэнцкая бібліятэка імя Б.М.Ельцына, размешчаная ў гістарычным цэнтры горада ў былым будынку Свяцейшага Сінода.

Лідары краін ЕАЭС у вузкім фармаце абмяркуюць рэалізацыю лічбавага парадку дня ў арганізацыі, далейшае развіццё інтэграцыйных працэсаў, размеркаванне ўвазных мытных пошлін паміж дзяржавамі, фарміраванне агульнага рынку газу, нафты і нафтапрадуктаў.

Парадак дня пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў пашыраным складзе ўключае пытанні, якія тычацца асноўных кірункаў міжнароднай дзейнасці арганізацыі, узаемадзеяння ЕАЭС з іншымі краінамі, канкурэнцыі на трансгранічных рынках, супрацоўніцтва ў сферы прадастаўлення касмічных і геаінфармацыйных паслуг.

Акрамя таго, кіраўнікі дзяржаў павінны ўзгадніць бюджэт саюза на 2019 год і памер пошліны, якая выплачваецца гаспадарчымі суб’ектамі пры звароце ў суд ЕАЭС.

Напярэдадні саміту Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу „Расія 24” заявіў, што мае намер абмеркаваць з калегамі па ЕАЭС стварэнне роўных умоў для прадпрыемстваў на рынку энергарэсурсаў. „Палячу ў Пецярбург, каб традыцыйна сустрэцца напярэдадні новага года з кіраўнікамі дзяржаў і абмеркаваць пры ўсім іншым актуальныя пытанні”, — заявіў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, у ЕАЭС не працуе шэраг базавых пагадненняў. „Мы дамаўляліся аб свабодным руху працоўнай сілы, капіталу, паслуг, тавараў і гэтак далей — без гэтага не можа быць не толькі ЕАЭС, Мытнага саюза не можа быць. Чаму ў нас гэтага няма? Мы дамаўляліся аб роўных умовах гаспадарання для ўсіх суб’ектаў у Беларусі, Казахстане, Арменіі, Расіі і гэтак далей. Мы дамаўляліся аб адзіных рынках, у тым ліку энергарэсурсаў. Для нас важна, каб мы са смаленскім, маскоўскім, піцерскім прадпрыемствам працавалі ў роўных умовах. Тады ствараецца канкурэнтаздольнасць нармальная. Мы пра ўсё гэта дамаўляліся, таму мы ў гэты саюз і прыйшлі. Мы ішлі на кампраміс, Расія, Казахстан, іншыя краіны таксама ішлі на кампраміс. Мы пра гэта дамаўляліся”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што калі прадпрыемствы працуюць у няроўных умовах, то „з часам на нашых прадпрыемствах можна паставіць крыж”. „Вы, дапусцім, па 40 долараў газ атрымліваеце, а мы 200—250, розніца вялізная. У нас тады зарплата не атрымліваецца, як у Расіі. Розныя ўмовы. Я з гэтым еду перш за ўсё”, — сказаў Лукашэнка.

У кожнай краіны ў ЕАЭС ёсць свой інтарэс, але „гэты інтарэс спалучаецца”, дадаў беларускі кіраўнік.

belapan.by

Фота: akorda.kz