Саміт Еўразвяза па Грэцыі адменены, перамовы працягваюцца
Старшыня Еўрапейскай рады Дональд Туск паведаміў пра адмену запланаванага на сёння саміту Еўразвяза, на якім павінна было быць зацверджана канчатковае рашэнне сітуацыі з грэчаскім доўгам.
Туск напісаў у Твітары, што сустрэча лідараў 19-ці краін еўразоны ў нядзелю ўсё ж адбудзецца і будзе доўжыцца да таго часу, пакуль яны не завершаць перамовы па Грэцыі.
Да гэтага міністры фінансаў еўразоны павінны прыняць рашэнне, ці даць старт новай праграме фінансавай дапамогі Грэцыі, ці санкцыянаваць выхад краіны з еўразоны.
Парламент Грэцыі ў ноч на суботу зацвердзіў план эканамічных рэформаў, прапанаваны прэм’ер-міністрам Алексісам Цыпрасам.