Дональд Туск: Штораз цяжэй будаваць еўрапейскую еднасць ў справе санкцый супраць Расеі (абноўлена)



«Штораз цяжэй будаваць еўрапейскую еднасць ў справе санкцый супраць Расеі», –  сказаў 20 сакавіка пасля саміту Еўразвязу у Бруселі старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск.

Дональд Туск адзначыў:

– Штораз часцей ўзнімаецца справа, што санкцыі перашкаджаюць вядзенню бізнэсу, а гэта некарысна, як Расеі так і Еўропе. Падчас цяперашняга саміту такую еднасць ўдалося яшчэ збудаваць

20-га сакавіка лідары Еўразвязу падпісалі супольную дэкларацыю аб працягненні санкцыяў ў дачыненні да Расеі пакуль не будуць выкананыя дамоўленасці з Менску.

Еўрапейская Рада зноў вернецца да справы перагляду санкцыі ў чэрвені гэтага года.

* * *

Галоўная тэма саміту – сітуацыя на Украіне, санкцыі супраць Расеі і падрыхтоўка да Саміту Усходняга партнёрства, запланаванага на травень ў Рызе.

Cанкцыі супраць Расеі павінны заставацца ў сіле пакуль не будуць выкананыя ўсе дамоўленасці, дасягнутыя падчас сустрэчы ў Менску ў нармандскім фарсмаце. Паслабляць санкцыі пасля выканання толькі некалькіх патрабаванняў, было б няправільным.

Гаворыць Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск:

– Гэта момант, калі можна ацаніць, ці Еўропа зараз гатовая ўтрымліваць тое самае становішча, канфлікт ва Украіне вымагае кантролю над межамі Украіны. Ці будуць санкцыі фармальнымі ці будуць дзейнічаць.

Санкцыі будуць дзейнічаць пакуль пакет з Менску не будзе рэалізаваны цалкам. Такая дамоўленасць дасягнутая на Саміце Еўразвязу ў Бруселі

* * *

Перагляд праграмы Усходняга партнёрства – адна з тэмаў двухдзённага саміту Еўрапейскай Рады, які  праходзіць ў Бруселі.

Згодна дамоўленасцям, дасягнутым падчас апошняга  паседжання міністраў замежных спраў ў Рызе, да паасобных краінаў Усходняга партнёрства будзе прынятая асобная стратэгія двухбаковага  супрацоўніцтва.

На думку старшыні партыі БНФ Аляксея Янукевіча,  у новым падыходзе губляецца дух партнёрства  і гэта памылковы  шлях:

– Асобная праграма для кожнай краіны азначае адсутнасць нейкіх агульных стандартаў, каштоўнасцяў, падыходаў, гэта ў нейкай ступені магчыма дазваляе засяродзіцца на развіцці супрацы з тымі, з кім больш зручна. Але ў мяне ёсць засцярогі, што пры такім падыходзе Беларусь можа застацца ўбаку.

Праграма Усходняга партнёрства  – супрацоўніцтва з Еўразвязам для Беларусі, Украіны, Грузіі,  Малдовы, Арменіі  і Азербайджану. Яна  стартавала яшчэ ў 2009 годзе, па ініцыятыве Швецыі і Польшчы. Да гэтай пары прайшло тры саміты Усходняга партнёрства ў Празе, Варшаве і Вільні. Бліжэйшы саміт пройдзе ў Рызе сёлета ў траўні.

* * *

Саміт ЕЗ праходзіць 19-20 сакавіка ў Бруселі на ўзроўні кіраўнікоў краінаў. Галоўная тэма сустрэчы – эканамічныя санкцыі ў дачыненні да Расеі і дапамога Украіне.

Кіраўнікі краінаў ЕЗ засяродзяцца таксама на новых падыходах да праграмы Усходняга партнёрства.

Геапалітычная сітуацыя і ваяўнічасць Крамля прымусіла Еўропу пераглядзець праграму – лічыць палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

 – Як у беларускім выпадку: супрацоўнічаць па тых накірунках, дзе няма супярэчнасцяў. Беларускі бок афіцыйны таксама зацікаўлены. Гэта такія праекты, умоўна кажучы, “прыземленыя” – грашовыя: развіццё інфраструктуры, памежныя пераходы, транспартныя пытанні. Калі на гэтыя рэчы Еўропа будзе даваць грошы і не прыдзірацца да пытанняў дэмакратыі і правоў чалавека, дык чаму бы не супрцоўнічаць. Збольшага Брусель гатовы менавіта ў такім кірунку і працаваць. 

У Бруселі знаходзіцца з афіцыйным візітам прэм’ер – міністр Украіны Арсені Яцэнюк, які сустрэнецца  19 сакавіка са старшынём ЕЗ Дональдам Тускам і старшынём Еўракамісіі – Жанам Клёдам Юнкерам.

Падрыхтоўка да саміту усходняга партнёрства ў Рызе, сітуацыя ва Украіне і дачыненні з Расеяй – галоўныя тэмы сённяшняга паседжання двухдзённай Рады Еўразвязу ў Бруселі.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя